Арцыбіскуп Палерма: пандэмія спрыяе ўмацаванню мафіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мітрапаліт Палерма прыняў удзел у відэаканферэнцыі, арганізаванай Цэнтрам імя Піа Ла Торэ ў 39-ю гадавіну забойства гэтага палітыка і прафсаюзнага дзеяча і яго паплечніка Разарыа Дзі Сальва, вядомага сваім удзелам у барацьбе з Коза Ностра.
Паводле арцыбіскупа Ларэфічэ, арганізаваная злачыннасць выкарыстоўвае час пандэміі і звязаны з ёй эканамічны і сацыяльны крызіс для больш эфектыўнага пранікнення ў грамадства, прапаноўваючы дапамогу прадпрыемствам і людзям, якія перажываюць фінансавыя цяжкасці. “Страх прымушае многіх адчуваць сябе пакінутымі дзяржавай на волю лёсу. Гэта спрыяльная глеба для мафіі, якая маскіруецца пад арганізацыю, што сведчыць дапамогу”, - падкрэсліў іерарх.
На яго думку, мафія стварае "ілжывы дух супольнасці", які фактычна прыводзіць да стварэння не сапраўдных грамадскіх сувязяў, а адносін залежнасці і падпарадкавання, вызваліцца ад якіх вельмі складана. "Таму ў кантэксце такога роду пагрозы нам неабходна ўмацаваць братэрства, да якога заклікае Францішак", - падкрэсліў арцыбіскуп Палерма.
Падчас відэаканферэнцыі было зачытана пасланне Прэзідэнта Італіі Серджа Матарэлы, у якім падкрэслівалася неабходнасць падтрымкі ўсіх ініцыятыў, накіраваных на прасоўванне "культуры законнасці і павагі да грамадзянскіх правоў" падчас пандэміі. “Эфектыўнасць барацьбы з мафіёзнымі сістэмамі шмат у чым залежыць ад наяўнасці такога стаўлення ў грамадстве. Асабліва важна выхоўваць моладзь у гэтым духу”, - падкрэсліў Прэзідэнт, які паходзіць з Палерма.