Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак падтрымаў індыйскі народ у барацьбе з пандэміяй

Папа скіраваў пасланне кардыналу Освальду Грасіясу, арцыбіскупу Бамбея і старшыні Канферэнцыі Біскупаў Індыі, запэўніваючы ў малітве за ахвяр каронавіруса і выказваючы падтрымку хворым і медыкам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У гэты час, калі вялікая колькасць людзей у Індыі пакутуе ад надзвычайнай эпідэмічнай сітуацыі, я выказваю маю шчырую салідарнасць і духоўную блізкасць усяму народу”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак скіраваў свае думкі да хворых і іх сем’і, да тых, хто клапоціцца пра іх, і асабліва да людзей, якія аплакваюць страту сваіх блізкіх. “Я думаю таксама пра шматлікіх медыкаў, санітарных работнікаў, пра бальнічны персанал, вадзіцеляў карэт хуткай дапамогі і ўсіх, хто нястомна працуе, каб дапамагчы сваім братам і сястрам у надзвычайнай сітуацыі. З глыбокай удзячнасцю малюся аб Божых дарах вытрываласці, сілы і міру для іх усіх”, - напісаў Папа.

Святы Айцец выказаў асаблівую ўдзячнасць індыйскай каталіцкай супольнасці за ініцыятывы міласэрнасці і салідарнасці, якія ажыццяўляюцца ў служэнні ўсім людзям. Ён падкрэсліў самаадданасць, прадэманстраваную многімі маладымі людзьмі, а таксама даручыў Божай міласэрнасці шматлікіх загінулых вернікаў, святароў і кансэкраваных асобаў.

“У гэтыя дні невымернага болю, усіх нас можа суцешыць надзея, якая нараджаецца з Пасхі, і наша непарушная вера ў абяцанне ўваскрасення і новага жыцця ў Хрысце”, - завяршыў пасланне Францішак.

Індыя б’е ўсе самыя страшэнныя рэкорды пандэміі ў свеце: 4 тыс. загінулых за дзень, пахавальныя кастры на вуліцах, 380 тыс. новых выпадкаў заражэння за апошнія 24 гадзіны, што можа азначаць мільёны хворых у месяц. На вакцыну і сістэму аховы здароўя была выдаткавана вялізарная колькасць эканамічных рэсурсаў – амаль 7 мільярдаў долараў.
 

07 мая 2021, 11:48