Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін: журналіст не павінен распальваць нянавісць

Журналіст павінен дапамагаць шукаць рэальныя прычыны канфліктаў, а не абражаць, навешваць ярлыкі, пашыраць нянавісць і распаўсюджваць фэйкавыя навіны, перакананы Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал П’етра Паралін прыняў удзел у прэзентацыі кнігі пад назвай “Аглядальнік. 35 гадоў гісторыі Касцёла ў прыватных лістах Марыё Аньеса” (L’Osservatore. Trentacinque anni di storia della Chiesa nelle carte private di Mario Agnes), прысвечанай шматгадоваму кіраўніку ватыканскай газеты L’Osservatore Romano Марыё Аньесу. Выданне было прадстаўлена 18 мая 2021 г. у пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе. Аўтар кнігі – італьянскі журналіст Іньяцыа Іньраа.

Дзяржаўны сакратар звярнуў увагу на некаторыя аспекты працы L’Osservatore Romano пад кіраўніцтва Аньеса, а таксама падзяліўся меркаваннем адносна таго, якой павінна быць сучасная журналістыка.

Іерарх нагадаў, што, калі распачалася вайна ў Персідскім заліве, ватыканская газета выйшла з надпісам, надрукаваным вялікімі літарамі на першай старонцы: “Ніколі больш не павінна быць вайны”. Гэта характарызуе рэдакцыйную палітыку Аньеса, а таксама з’яўляецца сведчаннем яго прыхільнасці “журналістыцы на службе міру”.

Марыё Аньес, кіраўнік L'Osservatore Romano з 1984 па 2007 гг.
Марыё Аньес, кіраўнік L'Osservatore Romano з 1984 па 2007 гг.

“Адвага, прага міру – гэта тое, чаго патрабуе сучасная журналістыка”, - сказаў кардынал Паралін. Ён пажадаў, каб журналістыка была “варожай хлусні, кідкім лозунгам і выбуховым заявам”, але спрыяла пошуку рэальных прычын канфліктаў, разуменню іх каранёў і пераадоленню праз распачацце дабрадзейных працэсаў. Існуе патрэба ў журналістыцы, здольнай указваць рашэнні, “альтэрнатыўныя эскалацыі шуму і вербальнага насілля”, - дадаў ён.

Кардынал падкрэсліў, што гэта вымагае ад журналістаў “вытрываласці, карпатлівасці і цярплівасці”. Гэта праца, якую кожнае выданне павінна выконваць, не паддаючыся дыктату “хуткасці” новых тэхналогій, але засяроджваючыся на пошуку “лініі апавядання нават у тым, што лічыцца нявартым навін”.

“Журналіст пакліканы быць “вартавым світанку”, які не згаджаецца са светам, дзе людзі паміраюць ад голаду і не маюць працы, але імкнецца зрабіць гэту зямлю прыдатнай для жыцця”, - зазначыў кардынал, звяртаючы ўвагу на распаўсюджаную ў сучаснай журналістыцы тэндэнцыю “абражаць, навешваць ярлыкі, распаўсюджваць нянавісць, асабліва праз сацыяльныя сеткі, і пашыраць фэйкавыя навіны”.

Марыё Аньес (1931-2018) быў членам руху Каталіцкая акцыя і членам Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Італіі. Кіраўніком L’Osservatore Romano – афіцыйнага друкаванага органу Апостальскай Сталіцы – яго прызначыў у 1984 г. св. Ян Павел ІІ. На гэтай пасадзе Аньес працаваў 23 гады, пакуль не сышоў на пенсію ў 2007 г. Бэнэдыкт XVI надаў яму тытул “ганаровага кіраўніка” гэтага ватыканскага выдання.
 

20 мая 2021, 11:44