Пошук

Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала 

Лацінскі патрыярх Іерусаліма: мір патрабуе справядлівасці

Да малітвы аб міры ў Іерусаліме і спыненні правакацыйных дзеянняў уладаў Ізраіля заклікаў міжнародную супольнасць Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.

Ян Глінскі - Vatican News

“Мы глыбока прыгнечаны і занепакоены” насіллем ва Усходнім Іерусаліме – у горадзе Аль-Акса і ў раёне Шэйх Джара. Як адзначае іерарх, сітуацыя патрабуе пільнай інтэрвенцыі. “Насілле ў адносінах да вернікаў пагражае іх бяспецы і праву доступу да святых месцаў і свабоднай цэлебрацыі культу. Прымусовае выкідванне палестынцаў з іх дамоў у раёне Шэйх Джара таксама з’яўляецца недапушчальным”, - падкрэслівае ў сваім звароце арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала.

“Сённяшняя праблема не з’яўляецца пытаннем спрэчкі аб нерухомасці паміж прыватнымі бакамі. Гэта хутчэй злачынная спроба, якая кіруецца экстрэмісцкай ідэалогіяй, што адмаўляе права чалавека на існаванне, там дзе ён жыве”, - працягвае іерарх.

“Асаблівы непакой выклікае таксама права доступу да святых месцаў. Палестынскім вернікам не дазваляецца наведваць мячэць Аль-Акса ў месяц Рамадан. Гэтая дэманстрацыя сілы раніць дух і душу Святога Горада, пакліканнем якога з’яўляецца адкрытасць і гасціннасць, быццё домам для ўсіх веруючых, з аднолькавымі правамі, годнасцю і абавязкамі”, - сцвярджае Лацінскі Патрыярх і заклікае да “пашаны гістарычнага статус-кво ўсіх святых месцаў”.

Па словах іерарха, “Касцёл выразна кажа, што мір патрабуе справядлівасці”: “Пакуль правы ўсіх – ізраільцянаў і палестынцаў – не будуць захоўвацца і шанавацца, не будзе і справядлівасці, а значыць, не будзе міру ў гэтым горадзе. Наш абавязак – не ігнараваць несправядлівасць і агрэсію супраць чалавечай годнасці, незалежна ад таго, хто іх дапускае”.

Арцыбіскуп Піцабала “заклікае міжнародную супольнасць, Касцёлы і ўсіх людзей добрай волі да ўмяшальніцтва, каб спыніць правакацыйныя дзеянні, а таксама працягваць малітву аб міры ў Іерусаліме”. “Будзем яднацца ў малітве з інтэнцыяй Святога Айца Францішка, каб “шматрэлігійная і шматкультурная тоеснасць Святога Горада шанавалася і перамагло братэрства”, - заклікаў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.
 

14 мая 2021, 11:56