Пошук

Арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала благаслаўляе Іерусалім Арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала благаслаўляе Іерусалім 

Патрыярх Іерусаліма абвясціў збор сродкаў для хрысціян у Газе

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала, звярнуўся да святароў і вернікаў сваёй дыяцэзіі з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе хрысціянам у сектары Газа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Іх пакуты пагоршыліся ў выніку ўзброеных сутыкненняў і бамбардзіровак, у якіх загінулі людзі. Усё гэта адбылося ў той час, калі ім давялося змагацца з вірусам COVID-19, які да гэтага часу не ўдалося ўзяць пад кантроль”, - гаворыцца ў звароце іерарха, апублікаваным нямецкім каталіцкім агенцтвам KNA.

Кс. Габрыэль Раманэлі, каталіцкі святар, які працуе ў Газе, паведаміў, што ў цяперашні час у сектары пражывае 1077 хрысціян, у тым ліку 133 католікі.

Пасля 11 дзён ваенных дзеянняў Ізраіль і ХАМАС дамовіліся аб спыненні агню. Падчас нядаўніх узброеных сутыкненняў радыкальныя ісламісцкія групоўкі выпусцілі з сектара Газа ў бок Ізраіля больш за 4300 ракет. Ізраіль адказаў паветранымі ўдарамі па 1500 аб'ектах. У Ізраілі загінулі 13 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. У Газе загінулі 248 чалавек, у тым ліку – па дадзеных ААН – 129 грамадзянскіх асоб, сярод якіх 66 дзяцей. Не выключаецца, што колькасць ахвяр большая.

Цяперашняе прыпыненне ваенных дзеянняў прынесла адносны спакой сем'ям у Святой Зямлі, але не вырашыла праблем, якія спарадзіла насілле, - адзначыў Лацінскі Патрыярх. Арцыбіскуп Піцабала заклікаў палітычныя і рэлігійныя ўлады абараняць унікальную спадчыну Святой Зямлі з асаблівай асцярожнасцю, звяртаючы ўвагу на тое, што кожны падзел, кожны жэст агрэсіі і любая форма насілля з'яўляюцца глыбокай ранай на яе целе.
 

27 мая 2021, 11:46