Святы Пасад у АБСЕ: не дыскрымінаваць веру ў сферы інфармацыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кс. Януш Урбанчык перасцярог СМІ ад блакіравання і скажэння інфармацыі, якая тычыцца рэлігіі, веры і маралі, што адбываецца сёння ўсё часцей.
Ватыканскі дыпламат нагадаў, што прэса і сродкі масавай інфармацыі з'яўляюцца інструментамі, неабходнымі для гарантавання празрыстай і праўдзівай інфармацыі, прасоўвання свабоды. Святар таксама адзначыў, што колькасць выпадкаў злоўжывання свабодай друку і слова трывожна расце, асабліва калі гаворка ідзе пра перадачу рэлігійных і маральных праблем. Усё больш частымі становяцца выпадкі блакіравання заяў хрысціян, юдэяў, мусульман і прадстаўнікоў іншых рэлігій. Іх усё часцей палохаюць, каб яны не выступалі публічна па пытаннях, звязаных з верай.
“Гэта адсутнасць талерантнасці тлумачыцца тым, што людзі розных рэлігій прапаведуюць нянавісць. Іншымі словамі, рэлігійныя каштоўнасці і саму веру спрабуюць прадставіць у якасці праблемы, з чым не можна пагадзіцца”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат у Пастаяннай радзе Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Дыпламат заклікаў арганізацыю прасоўваць свабоду прэсы, у якой рэлігійныя і маральныя праблемы таксама знаходзяць сваё сапраўднае адлюстраванне. Ён адзначыў, што ў гэтых пытаннях не можа быць згоды на маніпуляцыі, распаўсюджванне дэзінфармацыі і прапаганду няпраўды.