Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: Касцёл пілігрымуе разам з народамі Цэнтральнай Амерыкі

Умовай для будавання інклюзіўных грамадстваў з’яўляецца цэласнае разуменне чалавека, а здаровая інтэграцыя прадугледжвае ўмацаванне каштоўнасці любові да бліжняга, - перакананы Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Свята салідарнасці, якое праходзіць 10 чэрвеня 2021 г. у Коста-Рыцы з нагоды 30-годдзя Сістэмы цэнтральнаамерыканскай інтэграцыі – міжнароднай арганізацыі, якая аб’ядноўвае краіны Цэнтральнай Амерыкі. Апостальская Сталіца прымае ўдзел у яе дзейнасці ў якасці пазарэгіянальнага назіральніка.

У кантэксце крызісу, выкліканага пандэміяй, Папа заклікаў не паддавацца логіцы суперніцтва, а разам скіраваць позірк на тых, хто найбольш патрабуе дапамогі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю мігрантаў, у тым ліку ўнутраных, якім, неабходна забяспечыць абарону і доступ да базавых паслуг.

Францішак заўважыў, што адной з прычын міграцыі з’яўляюцца кліматычныя змены і прыродныя катастрофы, звязаныя з імі, а таксама негатыўны ўплыў дзейнасці чалавека на навакольнае асяроддзе. Гэтыя праблемы трэба імкнуцца пераадольваць сумесна, прымаючы адпаведныя рашэнні на рэгіянальным узроўні.

Каментуючы праблему гандлю людзьмі Папа заклікаў прадухіляць яе распаўсюджванне праз падтрымку сем’яў, выхаванне і гарантаванне бяспекі ахвярам, звяртаючы асаблівую ўвагу на сітуацыю жанчын і дзяцей.

“Жанчыны з’яўляюцца крыніцамі жыцця. І тым не менш яны пастаянна сустракаюцца з абразамі, насіллем, гвалтам, прымусам да прастытуцыі і спынення жыцця ў сваім улонні. Кожнае насілле супраць жанчыны – гэта абраза Бога, які нарадзіўся ад жанчыны. Як казаў св. Ян Павел ІІ, “жанчына не можа стаць аб’ектам панавання ці валодання з боку мужчын”. Мы ўсе пакліканы падтрымліваць выхаванне, якое будзе спрыяць фундаментальнай роўнасці, павазе і гонару, якіх заслугоўваюць жанчыны”, - зазначыў Францішак.

Папа нагадаў, што пандэмія справакавала “беспрэцэдэнтных адукацыйны крызіс”, які садзейнічае гандлю людзьмі. Ён заклікаў аб’яднаць намаганні ў барацьбе з гэтай з’явай, абароне пацярпелых і пераследзе злачынцаў, падкрэсліўшы, што рэлігійныя арганізацыі і мясцовыя Касцёлы прымаюць удзел у гэтай дзейнасці.

“У часы невымерных пакут, выкліканых пандэміяй, насіллем і экалагічнымі катастрофамі, духоўнае вымярэнне не можа быць зведзена на другі план адносна клопату пра фізічнае здароўе. “Умовай для будавання інклюзіўных грамадстваў з’яўляецца комплекснае разуменне чалавека, які адчувае сябе па-сапраўднаму прынятым, калі ўсе вымярэнні, што складаюць яго тоеснасць, прызнаюцца і прымаюцца, у тым ліку рэлігійнае”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што здаровая культурная, эканамічная і палітычная інтэграцыя народаў павінна суправаджацца адукацыйным працэсам, які будзе ўмацоўваць каштоўнасць любові да бліжняга. Ён заклікаў аддаць перавагу мультылатэралізму, а не самадастатковасці, нацыяналізму, пратэкцыянізму, індывідуалізму і ізаляцыянізму і не пакідаць на экзістэнцыяльных перыферыях самых бедных і ўразлівых.

“Касцёл пілігрымуе разам з народамі Цэнтральнай Амерыкі, якія здолелі адказаць на крызіс з адвагай і быць гасціннымі супольнасцямі, і заклікае іх трываць у салідарнасці з узаемным даверам і моцнай надзеяй”, - пажадаў удзельнікам форума Папа.
 

10 чэрвеня 2021, 14:00