Пошук

Базыліка св. Апалінарыя ў Равэне Базыліка св. Апалінарыя ў Равэне 

Святы Пасад у ЮНЕСКА пра захаванне рэлігійна-культурнай спадчыны

Рэлігійна-культурная спадчына можа дапамагчы моладзі знайсці апору ў мінулым, стаць асновай сучаснасці і арыенцірам на будучыню”, - заўважыў прадстаўнік Святога Пасаду ў ЮНЕСКА.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кс. Франчэска Фола прыняў удзел у анлайн-семінары, арганізаваным PERICO (Міжнародным навуковым камітэтам па рэлігійных мясцінах і абрадах) і ICOMOS (Міжнародным саветам па помніках і гістарычных мясцінах), прысвечаным ініцыятывам па паляпшэнні захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны і рэлігійных помнікаў.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на некалькі важных для Святога Пасаду пунктаў. Перш за ўсё, ён падкрэсліў, што для аднаўлення, захавання, каталагізацыі і абароны культурных каштоўнасцей неабходна прызнаць іх ідэнтычнасць. Наступным крокам з'яўляецца стварэнне адпаведнага падыходу да спадчыны мінулага, які павінен садзейнічаць яе лепшаму веданню і правільнаму “размяшчэнню” ў рэлігійным навучанні і правядзенні абрадаў у адпаведнасці з указаннямі асобных рэлігій.

Іншым важным крокам з'яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для вывучэння рэлігійнага, літургічнага і іканаграфічнага зместу святых месцаў з мэтай садзейнічання супрацоўніцтву паміж светам мастацтва і рэлігіі.

Апошні важны момант з пункту гледжання Святога Пасаду – гэта інстытуцыянальная арганізацыя супрацоўніцтва свецкіх і рэлігійных лідараў.

Паколькі многія аб’екты рэлігійнай культурнай спадчыны захоўваюць сваю першапачатковую функцыю, яны могуць стаць мастом паміж рознымі народамі. Менавіта таму Святы Пасад падтрымлівае кожную ініцыятыву, накіраваную на садзейнічанне развіццю культуры. Гаворка ідзе пра захаванне гістарычнай памяці, перадачу новым пакаленням таго, што сфарміравала самабытнасць народаў і нясе ў сабе элементы гармоніі, прыгажосці і праўды.

У канцы сваёй прамовы прадстаўнік Святога Пасаду ў ЮНЕСКА выказаў пажаданне, каб месцы культу былі пакінуты вернікам у адпаведнасці з прынцыпам, паводле якога прызнанне рэлігійнага вымярэння з'яўляецца асноўнай умовай захавання рэлігійна-культурнай спадчыны.
 

14 чэрвеня 2021, 12:04