Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Кубы заступаюцца за дэманстрантаў і баяцца канфрантацыі

Кубінскія біскупы бароняць удзельнікаў беспрэцэдэнтных дэманстрацый па ўсёй краіне, нягледзячы на рэпрэсіі ўрада. Крызіс пераадольваецца не супрацьстаяннем, а імкненнем да згоды, - нагадалі яны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мы не можам заплюшчыць вочы на тое, што перажываюць грамадзяне. Людзі маюць права адчуваць свае патрэбы, жаданні і надзеі, - гаворыцца ў паведамленні епіскапату.

Іерархі нагадалі, што тысячы пратэстаў – гэта рэакцыя на эканамічную і сацыяльную сітуацыю, якая фактычна пагоршылася. Яны занепакоены тым, што ўлады не прымаюць ніякіх мер для вырашэння праблем, нагадваюць, што гвалт спараджае гвалт, а агрэсія, якая праяўляецца сёння, выклікае раны і крыўды, якія будзе вельмі цяжка пераадолець у будучыні. Францішак вучыць нас, - напісалі біскупы, - што крызіс пераадольваецца не супрацьстаяннем, а імкненнем да згоды.

Тым часам пратэсты на Кубе працягваюцца. Як зазначыў Альфрэда Самаза, спецыяліст па Лацінскай Амерыцы, краіна не ведала такіх беспарадкаў з часоў рэвалюцыі Кастра. Людзі бачаць, што ўрад не спраўляецца з крызісам, а рэформы, абвешчаныя новым Прэзідэнтам, стаяць на месцы, - заявіў эксперт у інтэрв’ю Vatican News.

“З аднаго боку, урад не спраўляецца з санітарным крызісам. Выкарыстоўваючы выключна вакцыну ўласнай вытворчасці, удалося прышчапіць толькі 15% грамадзян. Пандэмія выявіла слабасць службы аховы здароўя Кубы. Другая прычына незадавальнення – цяжкая эканамічная сітуацыя. Турыстаў няма паўтара года, таму няма долараў, якімі ўрад плаціў за ежу, бо кубінскай вытворчасці не хапае, таму яе даводзіцца імпартаваць. Менавіта па гэтай прычыне ў людзей узнікаюць праблемы з атрыманнем ежы. І ўрад не рэагуе. Вінаватыя ва ўсім, згодна з афіцыйнай кубінскай рыторыкай, якую мы добра ведаем і якую можна чакаць, Злучаныя Штаты. Аднак для кубінцаў гэтага ўжо недастаткова. Ужо нельга сказаць, што амерыканцы нясуць адказнасць за ўсё, паколькі людзі самі могуць пераканацца, што іх краіна, іх урад паралізаваны паўтара года і не можа выйсці з гэтага глабальнага пандэмічнага крызісу, як гэта робяць іншыя краіны”, - сказаў спецыяліст па Лацінскай Амерыцы.

Альфрэда Самоза таксама звярнуў увагу на тое, што ўрад Кубы расчараваны Байдэнам. Камуністы спадзяваліся, што новы Прэзідэнт адмовіцца ад палітыкі Трампа. Але Байдэн ведае, што ў наступным годзе ў Фларыдзе адбудуцца рэгіянальныя выбары, у якіх кубінская дыяспара адыграе жыццёва важную ролю. Да гэтых выбараў ён нічога змяняць не будзе, - прагназуе эксперт.
 

15 ліпеня 2021, 13:27