Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Каталіцкія і англіканскія біскупы ў абароне правоў бежанцаў

Каталіцкія і англіканскія біскупы з Францыі і Вялікабрытаніі заклікалі пачуць голас мігрантаў і распрацаваць новую палітыку, якая выходзіць за рамкі закрыцця меж і ўмацавання бяспекі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З ініцыятывай выступілі шэсць іерархаў, дыяцэзіі якіх знаходзяцца ў прыбярэжных рэгіёнах абедзвюх краін. Не толькі Міжземнае мора становіцца магілай для мігрантаў, драматычныя сцэны таксама адбываюцца ў Ла-Маншы, - звярнулі ўвагу яны.

"Мігранты з'яўляюцца нашымі братамі і сёстрамі па чалавецтве і заслугоўваюць дапамогі ў пошуку месца, дзе змогуць жыць годна і ўносіць свой уклад у пабудову грамадзянскай супольнасці", - гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным на сайце Лільскай архідыяцэзіі.

Каталіцкія і англіканскія лідары звярнулі ўвагу на неабходнасць умення чуць голас замежнікаў, вымушаных пакідаць сваю радзіму. Іерархі асабліва шкадуюць аб адсутнасці надзеі ў мігрантаў і бежанцаў; менавіта адчай падштурхоўвае іх звяртацца да кантрабандыстаў, якія нажываюцца на іх горы. З іншага боку ёсць і тыя, хто шчодра прапануе канкрэтную падтрымку, жыллё, час і кампетэнтнасць. Гэтыя людзі ўзвышаюцца над аргументамі, поўнымі стэрэатыпаў і страху, і паказваюць кірунак канструктыўнай палітыкі.

Таксама біскупы запрасілі да малітвы і аб'яднання намаганняў на карысць лепшага стаўлення да ахвяр канфліктаў. Яны заклікалі жыхароў рэгіёнаў, размешчаных у зоне Ла-Манша, стварыць атмасферу ветлівасці і паразумення ў адносінах да бежанцаў, падзяляючы тым самым надзеі і патрэбы ўсяго чалавецтва.

Каталіцка-англіканскі зварот быў апублікаваны на наступны дзень пасля таго, як французскія службы выратавалі 80 мігрантаў, якія спрабавалі перасекчы Ла-Манш.
 

12 ліпеня 2021, 12:21