Пошук

Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала 

Святая Зямля: перспектывы перамоў адносна ўласнасці Касцёла

Пасля ўтварэння новага ўраду і выбару новага Прэзідэнта Ізраіля “можна спадзявацца” на пазітыўны фінал перамоў адносна касцёльнай уласнасці і падаткаў, - лічыць Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.

Ян Глінскі - Vatican News

Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала выказаў надзею на тое, што з абодвух бакоў ёсць жаданне вырашыць гэтую "балючую праблему". “У Кнэсеце пачалася працэдура прызнання касцёльных устаноў у якасці юрыдычнай асобы. Мне здаецца, існуе гатоўнасць і магчымасць завяршыць гэту справу”, - адзначыў ён.

Кажучы аб перспектыве аднаўлення ізраільска-палестынскага дыялогу, іерарх указаў на неабходнасць “аднаўлення даверу” і ўвядзенне “новых абліччаў і новага кіраўніцтва з абодвух бакоў”. Ён лічыць, што патрэбна “адвага распачаць усё нанова”. На яго думку, трэба “аднавіць тэрытарыяльную структуру” і “мець канструктыўнае кіраўніцтва з абодвух бакоў”, каб “падрыхтаваць тэрыторыю для размоў“ на гэтую тэму.

Як нагадаў Піцабала, ізраільска-палестынскі канфлікт з’яўляецца даўнім пытаннем, якое заўсёды гучыць у дыпламатычных колах. Пры гэтым ён падкрэсліў, што міжнародная супольнасць можа дапамагчы Ізраілю і Палестыне, суправаджаючы іх на шляху дыялогу. “Аднак, калі ізраільцяне і палестынцы не будуць паміж сабой размаўляць, міжнародная супольнасць зможа зрабіць няшмат”, - заўважыў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.

Нагадаем, юрыдычныя пытанні рэгулююцца фундаментальным пагадненнем, заключаным паміж Дзяржавай Ізраіль і Апостальскай Сталіцай у 1993 г.

17 ліпеня 2021, 12:34