Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Афганістан: эвакуіраваны апошнія місіянеры

У Рым былі эвакуіраваны апошнія місіянеры з Афганістана: італьянскі барнабіт айцец Джаванні Скалэзэ, які з 2014 г. узначальваў тут каталіцкую місію, а таксама пяць законніц. Разам з імі прыехалі 18 непаўнаспраўных дзяцей.

Ян Глінскі - Vatican News

Эвакуацыя была няпростай: большасць дзяцей перасоўваюцца на інвалідных вазках, а некаторыя транспартаваліся на насілках. “Місіянеры згадзіліся на эвакуацыю, але лічаць, што хутка змогуць вярнуцца ў Афганістан, таму што патрэбы там велізарныя”, - адзначыў кс. Матэо Санавіа, які сустракаў эвакуіраваных у рымскім аэрапорце Ф'юмічына.

Па словах святара, сітуацыя ў Касцёле ў Афганістане павінна быць пераасэнсавана. “Гэта заданне Апостальскай Сталіцы, прысутнай у гэтай краіне дзякуючы святару, які жыў на тэрыторыі пасольства Італіі і які адказваў за мясцовую супольнасць католікаў. У пасольстве таксама была адзіная капліца ў Кабуле”, - адзначыў кс. Санавіа.

Ён нагадаў, што “Афганістан заўсёды быў рэлігійнай дзяржавай, у якой дамінаваў іслам, а прысутнасць каталіцкіх святароў і законных сясцёр была напалову ўтоенай і вельмі стрыманай”. Не маючы магчымасці евангелізаваць публічна, як дадаў святар, яны маглі дзейнічаць толькі ў сферы медыцыны, адукацыі і дабрачыннасці.

Акрамя эвакуіраваных місіянераў з Афганістана ў Італію было вывезена мноства сем’яў, якія супрацоўнічалі з місіянерамі. Таму, як падкрэсліў італьянскі святар, “місія працягнецца, хоць часова і не ў Кабуле”.
 

27 жніўня 2021, 10:43