Афганістан: католікі пад сур'ёзнай пагрозай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Місіянеры, якія служаць самым абяздоленым, заблакіраваны ў сваіх дамах. Гэта тычыцца як прадстаўнікоў Езуіцкай службы па справах бежанцаў, якая дзейнічае ў краіне ў сферы адукацыі і мае школы ў чатырох правінцыях, так і аб'яднання На карысць дзяцей Кабула, заснаванага ў 2004 г. у адказ на просьбу Яна Паўла II.
У той час як дыпламатычныя каналы працуюць над бяспечнай эвакуацыяй місіянераў, застаецца пытанне лёсу людзей, якімі яны займаліся: моладзі, няпоўнаспраўных, вымушаных перасяленцаў.
Усе паслядоўнікі Хрыста знаходзяцца пад пагрозай. У асноўным гэта афганскія сем'і, якія жывуць сваёй верай у таямніцы, таму што адкрытае яе практыкаванне можа выклікаць агрэсію з боку мусульман.
Каталіцкая супольнасць у Афганістане мае больш чым 100-гадовую гісторыю. Усё пачалося ў 1919 г. з стварэння ў італьянскім пасольстве капліцы для замежных католікаў – адзінага храма ў Кабуле. У 2002 г. Ян Павел II прызнаў за каталіцкай супольнасцю статус missio sui iuris – першы кананічны крок да стварэння мясцовага Касцёла.
Але любыя афганскія ўлады ўспрымалі Касцёл выключна ў якасці структуры для замежнікаў, забараняючы любую евангелізацыйную дзейнасць сярод афганцаў. Малая група святароў і законніц магла знаходзіцца ў краіне ў якасці гуманітарных работнікаў.