Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Нагасакі: Алімпійскі агонь у Токіо – малітва за мір

Прайшло 76 гадоў з таго моманту, як 6 жніўня 1945 г. была скінута атамная бомба на Хірасіму, а праз тры дні – на Нагасакі. Сёлета драматычны юбілей супаў з летнімі Алімпійскімі гульнямі ў Токіо.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Што тычыцца Японіі, пасланне Алімпійскага агню з'яўляецца напамінам: "Больш ніякіх бомб", - заўважыў Мітрапаліт Нагасакі, арцыбіскуп Джозэф Міцуакі Такамі ў размове з Vatican News. Два гады таму іерарх вітаў у цэнтры сваёй дыяцэзіі Францішка, які адсюль заклікаў да свету без ядзернай зброі.

“Колькасць тых, хто выжыў пасля ядзерных бамбардзіровак, з кожным годам скарачаецца, але яны пакідаюць нам важны, каштоўны вопыт", - адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў, што памяць павінна быць перададзена наступным пакаленням, у тым ліку праз такія сродкі, як кіно, літаратура і медыя. “Мы павінны паклапаціцца, каб памяць аб гэтых трагічных падзеях захавалася”, - падкрэсліў арцыбіскуп Такамі.

6 жніўня 1945 г. амерыканскі бамбардзіроўшчык скінуў атамную бомбу на Хірасіму, у выніку чаго загінулі 80 тыс. чалавек – жыхароў гэтага японскага горада. Дзясяткі тысяч загінулі пазней ад радыяцыі. Праз тры дні, 9 жніўня, чарговая бомба, скінутая на Нагасакі, забіла 40 тыс. жыхароў. Усяго было забіта каля 140 тыс. чалавек. У 76-ю гадавіну бамбардзіроўкі Хірасімы памяць загінулых ушанавалі па ўсёй краіне хвілінай маўчання. Але на Алімпійскіх гульнях у Токіо перапынак не быў абвешчаны. Рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта не перарываць гульні на "хвіліну маўчання" было сустрэта крытыкай з боку многіх японцаў.

Не гледзячы на гэта, арцыбіскуп Такамі перакананы ў мірным пасланні Алімпіяды. “Алімпійскія гульні – гэта свята спорту, але і стымул для пабудовы міру ва ўсім свеце. Вось чаму гэта супадзенне вельмі важна. Шкада, што з прычыны пандэміі на спаборніцтвы не былі дапушчаны гледачы, аднак гульні – гэта вялікае дабро, якое стварае цудоўную атмасферу і шмат энтузіязму!”, - заявіў арцыбіскуп Нагасакі.

У той жа час ён выказаў удзячнасць за магчымасць удзелу ў Алімпіядзе каманды мігрантаў і бежанцаў, а таксама за гендарны баланс на Паралімпіядзе, якая хутка пачнецца ў Токіо.

На жаль, акрамя атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, у Японіі сёлета яшчэ адна гадавіна: дзесяць гадоў таму, у сакавіку 2011 г., адбылася катастрафічная аварыя на атамным рэактары Фукусіма. Нездарма арцыбіскуп Такамі – як і Пантыфік – цяпер вельмі скептычна ставіцца да выкарыстання ядзернай энергіі нават у грамадзянскіх мэтах.

“Праблема агульная. Мы павінны паступова адмовіцца ад атамнай энергіі, гэта вельмі небяспечна! Доўгі час атамная энергія здавалася нам істотнай, але сёння яна павінна стаць лішняй. Мы павінны вырабляць энергію па-іншаму, а не такім небяспечным, ядзерным метадам”, - мяркуе старшыня Канферэнцыі Біскупаў Японіі.

У інтэрв'ю Vatican News арцыбіскуп Такамі таксама заклікаў прыкласці больш намаганняў для поўнай ліквідацыі ядзернай зброі. Ён заклікаў падтрымаць Дагавор аб забароне ядзернай зброі – ініцыятыву Генеральнай Асамблеі ААН 2017 г. Дакумент уступіў у сілу ў студзені 2021 г., але ядзерныя дзяржавы яго не ратыфікавалі, у тым ліку Японія.

“Не можа быць сапраўднага міру, пакуль ёсць такая зброя. Гэта не сапраўдны, а ілжывы мір... Мы павінны зрабіць усё, каб у канчатковым выніку ядзерныя дзяржавы таксама далучыліся да Дагавора аб забароне ядзернай зброі”, - адзначыў іерарх.

Алімпійскі агонь, які гарэў у Токіо падчас Гульняў, – гэта для арцыбіскупа Такамі "малітва за любоў, малітва за мір". “Атамная бомба моцна супярэчыць гэтаму агню. Ядзернае полымя трэба патушыць! Адзіным агнём павінна быць еднасць, любоў і мір!”, - падкрэсліў Мітрапаліт Нагасакі.
 

08 жніўня 2021, 13:02