Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш Кардынал Жан-Клод Олерыш 

COMECE: гуманітарныя калідоры – адзінае выйсце для Афганістана

Гуманітарныя калідоры з’яўляюцца адзіным выйсцем з крызісу ў Афганістане, - заўважыў старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), кардынал Жан-Клод Олерыш.

Ян Глінскі - Vatican News

Як падкрэсліў арцыбіскуп Люксембуржскі, стварэнне чарговых лагераў для бежанцаў не з’яўляецца добрым адказам на праблемы жыхароў Афганістана.

“Адзінае, пра што мы зараз дыскутуем, – гэта што зрабіць, каб прыняць як мага менш бежанцаў з Афганістана, а не як дапамагчы гэтым людзям. Такое стаўленне – сорам для Еўропы і ўсяго Захаду”, - падкрэсліў іерарх, назваўшы сцяну, пабудаваную Грэцыяй на мяжы з Турцыяй, “ментальнасцю” сучасных палітыкаў.

“Я меў надзею, што падзенне Берлінскай сцяны будзе завяршэннем часу муроў. На жаль, пабудаваны новыя. Гэта зрабілі не камуністы, а сучаснае еўрапейскае грамадства. Мы страцілі сумленне”, - падсумаваў старшыня COMECE, указаўшы пры гэтым на віну палітыкаў Захаду ў драматычных падзеях у жыцці бежанцаў і “на абыякавасць Еўропы да людзей у патрэбе”.

Тысячы жыхароў Афганістана спрабуюць пакінуць краіну самалётам. Паветраны шлях – не адзіны спосаб для ўцёкаў, аднак суседнія краіны, за выключэннем Пакістану, закрылі свае межы для бежанцаў.
 

27 жніўня 2021, 10:55