Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Германія: малітва ў 60-годдзе будаўніцтва Берлінскай сцяны

“Тыя, хто загінуў, пераадольваючы Берлінскую сцяну, з’яўляюцца прыкладам для наследавання ў барацьбе з прыгнётам і несправядлівасцю”, – сцвердзіў арцыбіскуп-мітрапаліт Берліна Хайнэр Кох.

Ян Глінскі - Vatican News

13 жніўня 1961 г. улады тагачаснай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі распачалі будаўніцтва сцяны, якая падзяляла Берлін да 1989 г. Пры спробе пераадолець мур загінула больш за 140 чалавек.

Як сцвердзіў нямецкі іерарх, 60-я гадавіна гэтай трагічнай падзеі з’яўляецца заклікам да сённяшніх пакаленняў зрабіць усё, “каб людзям – незалежна ад сітуацыі, у якой яны знаходзяцца, – не пагражала насілле з боку бліжніх”, а таксама заклікам выступаць супраць сітуацый, якія “робяць немагчымым развіццё чалавечага жыцця”. Арцыбіскуп Кох нагадаў, што і сёння мы нярэдка з’яўляемся сведкамі бязраднасці грамадстваў, установаў і народаў перад сваімі ўрадамі.

13 жніўня іерарх, якому ў дзень пачатку будаўніцтва сцяны было сем гадоў, і ён сачыў за гэтай падзеяй па тэлебачанні, возьме ўдзел у экуменічным набажэнстве за загінулых пад мурам у “Капліцы прымірэння”.

Цэнтральнай тэмай набажэнства стане біяграфія 59-гадовай медсястры Іды Зікман – першай ахвяры пад Берлінскай сцяной. Дом удавы Іды знаходзіўся на мяжы сцяны, будаўніцтва якой толькі распачалося. 22 жніўня 1961 г. жанчына вырашыла наведаць сваю сястру, якая жыла ў заходняй частцы Берліна. Каб пераадолець мур, Іда скокнула з трэцяга паверха з акна сваёй кватэры. Прызямліцца бяспечна не ўдалося, жанчына загінула па дарозе ў бальніцу.

Смерць Іды Зікман выклікала пратэст у заходнегерманскім грамадстве. На пахаванні загінулай сабраліся натоўпы берлінцаў, а на месцы яе трагічнага скоку з’явіўся сімвалічны помнік першай ахвяры Берлінскага муру.

“Капліца прымірэння” была адкрыта ў 2000 годзе і знаходзіцца на месцы, дзе некалі праходзіла паласа смерці.
 

13 жніўня 2021, 13:11