Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Японія: Паралімпійскія гульні – стымул жыць

Пачатак Паралімпійскіх гульняў можа стаць вялікім стымулам для японскага грамадства больш цаніць жыццё, - мяркуе кс. Андрэа Лемба, місіянер, які працуе ў Краіне ўзыходзячага сонца 10 гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святар падкрэсліў, што падчас пандэміі ў Японіі рэзка ўзрасла колькасць суіцыдаў. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, летась амаль 21 тыс. чалавек тут скончылі жыццё самагубствам. Гэта амаль на 4% больш у параўнанні з папярэднім годам і першы такі скачок за дзесяцігоддзе. Самае драматычнае тое, што часцей за ўсё спрабуюць пакончыць з сабой жанчыны і дзеці.

У Японіі даўно самы высокі ўзровень самагубстваў сярод найбольш развітых краін. Улады шмат гадоў паспяхова працуюць над падтрымкай людзей з праблемамі псіхічнага здароўя і спыненнем распаўсюджвання феномена. На думку навукоўцаў, пандэмія стала галоўным фактарам адмены пазітыўнай тэндэнцыі. Даследчыкі мяркуюць, што і 2021-ы прадэманструе антырэкорд.

“Паралімпійскія гульні – гэта шанец для японскага грамадства адчуць каштоўнасць жыцця, нягледзячы на цяжкасці і пакуты”, - перакананы кс. Андрэа Лемба.

“Японцы прысвячаюць шмат увагі і клопату людзям з абмежаванымі магчымасцямі, таму Паралімпійскія гульні – падзея доўгачаканая, якая выклікае моцныя эмоцыі. Дзякуючы мерапрыемству Краіна ўзыходзячага сонца хоча звярнуць увагу свету на людзей, якія ўмеюць пераадольваць свае слабасці, якія не здаюцца і прыкладаюць намаганні, каб змяніць сваё жыццё да лепшага. Гульні – гэта выдатны стымул жыць на сто працэнтаў, пераадольваць свае абмежаванні. Гэта ў спалучэнні з мужнасцю і надзеяй вядзе нас да сапраўднай чалавечнасці. У грамадстве, якое патрабуе дасканаласці ад сваіх членаў, Паралімпійскія гульні могуць стаць для моладзі вялікім стымулам жыць”, - лічыць місіянер.

Спартыўны форум працягнецца амаль два тыдні, да 5 верасня 2021 г. Алімпійцы выступяць у 22 дысцыплінах, адаптаваных для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і будуць змагацца за 540 камплектаў медалёў.
 

26 жніўня 2021, 11:20