Арцыбіскуп Палья пра чып для эўтаназіі– новая форма еўгенікі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Брытанскія навукоўцы працуюць над імплантатам для эўтаназіі. Яго плануецца змяшчаць у цела пажылых людзей, каб актывізаваць у запланаваны час, калі ўзмацняюцца сімптомы дэменцыі. Артыкул пра чып-забойцу з'явіўся ў вядучым брытанскім часопісе па біяэтыцы The Hastings Center Report. Сааўтары даследавання Маргарэт Бацін і Брэнт М. Кіёс у артыкуле пад назвай "Завяршэнне жыцця датэрмінова" прапанавалі ўвесці так званую "папярэднюю дырэктыўную імплантацыю" (ADI).
Навукоўцы спаслаліся на прэцэдэнт з спрэчным імплантатам аборту – Norplant, які быў выведзены з ужытку ў Вялікабрытаніі ў 1999 г. Як і ў выпадку Norplant, дзеянне імплантата ADI было б абарачальным, але актывацыя прывяла б да неадкладнай смерці. Чып прапануецца імплантаваць пры першых прыкметах дэменцыі і запраграмаваць на актывацыю ў адпаведнасці са станам здароўя пацыента.
Арцыбіскуп Палья падкрэсліў, што кожнае жыццё варта таго, каб яго пражыць. Ён заклікаў усіх людзей добрай волі звярнуць асаблівую ўвагу на пажылых людзей, інвалідаў і выключаных, асабліва ў гэты цяжкі для ўсяго чалавецтва час пандэміі.
“Ёсць спакуса новай формы еўгенікі: хто не здаровы, не можа нарадзіцца, а тыя, хто ўжо нарадзіўся і захварэў, павінны памерці. Эўтаназія атручвае нашу культуру. Касцёл павінен нагадваць усім, што ўразлівасць і слабасць – частка чалавечай прыроды і ўсяго стварэння. Слабейшыя дадзеныя нам не дзеля таго, каб забіць іх, але каб будаваць з імі братэрства, клапаціцца адно пра аднаго”, - звярнуў увагу старшыня Папскай акадэміі жыцця.
Іерарх нагадаў думку Францішка з энцыклікі Fratelli tutti: братэрства дазваляе марыць аб лепшай будучыні для ўсіх. “У слабасці ёсць сапраўдная сіла. Папская акадэмія жыцця заклікае ўсіх людзей добрай волі паклапаціцца аб адкінутых, якія з’явіліся сярод нас падчас пандэміі. Найбольшыя страты ад крызісу панеслі пажылыя, няпоўнаспраўныя і дзеці. Абнаўленне трэба пачаць са слабых, самых уразлівых, з перыферыі жыцця, каб пабудаваць свет, які стане цалкам гуманным для ўсіх. Ніхто не павінен заставацца ззаду", - сказаў арцыбіскуп Палья ў інтэрв’ю Vatican News.