Святы Пасад у ААН асудзіў выкарыстанне “робатаў-забойцаў”
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Ватыканская дэлегацыя прыняла ўдзел у пасяджэнні Групы ўрадавых экспертаў па сістэмах аўтаномных смяротных узбраенняў у перспектыве Канвенцыі ААН аб забароне і абмежаванні выкарыстання канкрэтных відаў звычайнай зброі.
Пастаянная місія нагадала, што “ад самага пачатку дыскусіі аб смяротных аўтаномных сістэмах узбраенняў Святы Пасад пастаянна падкрэсліваў, што праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі са з’яўленнем новых тэхналогій у гэтай галіне, не абмяжоўваюцца сферай гуманітарнага права, але могуць мець сур’ёзныя наступствы для міра і стабільнасці”.
“Без непасрэднага кантролю з боку чалавека такія сістэмы могуць памыляцца пры вызначэнні прадугледжаных мэтаў”, - адзначаецца ў заяве. Падкрэсліваецца таксама, што выкарыстанне “зграяў” аўтаномных узбраенняў можа прыводзіць да празмерных разбурэнняў і да іх невыбарачнага дзеяння, што супярэчыць міжнароднаму гуманітарнаму праву.
Дыпламаты Святога Пасаду звярнулі ўвагу на тое, што ўсё больш і больш навукоўцаў, інжынераў, даследчыкаў, вайскоўцаў, спецыялістаў па этыцы і шырокіх слаёў грамадзянскай супольнасці менавіта па этычных матывах выступаюць супраць пэўных праектаў, звязаных з выкарыстаннем штучнага інтэлекту ў ваеннай сферы.