Пошук

Паводка ў Мазамбіку. Ілюстрацыйнае фота Паводка ў Мазамбіку. Ілюстрацыйнае фота 

ЮНІСЕФ: Кліматычны крызіс пагражае амаль мільярду дзяцей

Амаль палова ўсіх дзяцей у свеце знаходзяцца пад пагрозай кліматычнага крызісу. Гэтыя трывожныя лічбы змяшчаюцца ў дакладзе Фонду дапамогі дзецям пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ЮНІСЕФ).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Амаль мільярд дзяцей у 33 краінах свету падвяргаюцца "надзвычайнай небяспецы" кліматычных катастроф, недахопу вады, распаўсюджванню хвароб, выкліканых зменай клімату і забруджваннем навакольнага асяроддзя.

Маштаб сусветнага кліматычнага крызісу ўяўляе беспрэцэдэнтную пагрозу здароўю, харчаванню, адукацыі і развіццю, а таксама выжыванню і будучыні пакалення сённяшніх падлеткаў. "Хоць дзеці не нясуць адказнасці за павышэнне тэмпературы ў свеце, яны заплацяць за гэта самую высокую цану", - адзначыла выканаўчы дырэктар ЮНІСЕФ Генрыэта Фор.

Даклад Кліматычны крызіс – гэта крызіс правоў дзяцей быў апублікаваны ў трэцюю гадавіну экалагічнай забастоўкі Пятніца за будучыню.

Згодна з індэксам, 820 мільёнаў дзяцей пацярпелі ад сёлетняй спёкі, а 440 мільёнаў знаходзяцца пад пагрозай ураганаў. 330 мільёнаў чалавек жывуць пад пагрозай затаплення рэк, а яшчэ 240 мільёнаў пражываюць у прыбярэжных раёнах, схільных да паводак. 920 мільёнаў дзяцей, або больш за траціну ўсіх непаўналетніх у свеце, не маюць доступу да пітной вады. Амаль 90% усіх дзяцей, або 2 мільярды, жывуць ва ўмовах празмерна забруджанага паветра.

ЮНІСЕФ заклікала ўрады і іншых адказных інвеставаць у адаптацыю да змен клімату і скарачэнне выкідаў парніковых газаў, а таксама праводзіць больш інтэнсіўную адукацыйную кампанію па клімаце і ахове навакольнага асяроддзя сярод дзяцей. Маладыя людзі павінны ўдзельнічаць ва ўсіх перамовах па клімаце, у тым ліку ў восеньскай Канферэнцыі ААН па змяненні клімату COP26. ЮНІСЕФ таксама заклікаў да экалагічна чыстага эканамічнага абнаўлення пасля пандэміі.
 

24 жніўня 2021, 12:09