Дзяржсакратар: ААН патрабуе ажыўлення і здаровай палітыкі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал П’етра Паралін заўважыў, што дзяржавы-члены павінны сур’ёзна задумацца, ці адпавядае структура, створаная адразу пасля Другой сусветнай вайны, сучаснасці.
Іерарх падкрэсліў, што сапраўднае ажыўленне структур ААН азначае не толькі ўдасканаленне механізмаў, але і рэалізацыю сумесна ўзгодненых мэт. Такое стаўленне дапаможа Арганізацыі выконваць сваю задачу і выключыць яе выкарыстанне ў якасці інструмента ў руках магутных палітычных гульцоў.
Кіраўнік Дыпламатыі Святога Пасаду лічыць, што багатыя дзяржавы-члены павінны прызнаць, што ад іх можна чакаць большага, асабліва з пункту гледжання адказнасці за агульнае дабро. "Каб дапамагчы свету пераадолець рознага роду крызісы, трэба вярнуцца да першапачатковых прынцыпаў, закладзеных у Статуце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", - сказаў кардынал Паралін.
Іерарх падкрэсліў, што ААН патрэбна "здаровая палітыка", да якой апелюе папа Францішак. Яна заключаецца ў імкненні да агульнага дабра, а не ў пошуку асабістых інтарэсаў. "Гэта вельмі важна, асабліва ў Савеце Бяспекі, створаным для пабудовы міру ва ўсім свеце і гарантавання прыярытэту права ў адносінах да нацыянальных інтарэсаў", - адзначыў Дзяржсакратар.