Пошук

Барталамей І І Францішак Барталамей І І Францішак 

Патрыярх Барталамей І падтрымаў Папу ў экалагічных намаганнях

Да малітвы за палітыкаў, каб яны змянілі свой падыход да эканомікі і выкарыстання прыродных рэсурсаў, заклікаў Патрыярх Канстантынопальскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Барталамей І скіраваў пасланне, прымеркаваўшы яго да Сусветнага дня малітвы аб абароне стварэння, які адзначаецца праваслаўнымі і католікамі 1 верасня.

Сёлета чалавецтва сутыкнулася з інтэнсіўнымі атмасфернымі з'явамі, катастрафічнымі паводкамі і пажарамі, звязанымі з зменай клімату, а таксама з пандэміяй і яе грамадскімі і эканамічнымі наступствамі, - заявіў аўтар. Ён адзначыў, што абмежаванні на перамяшчэнне і біямеханічную вытворчасць прывялі да змяншэння колькасці шкодных выкідаў у атмасферу і звярнулі ўвагу на тое, што “ўсё ў свеце ўзаемазвязана і ўсе аспекты жыцця ўзаемапранікальныя”.

Патрыярх заклікаў маліцца за хуткае пераадоленне санітарнага крызісу і прасвятленне з нябёсаў уладароў свету, каб яны не вярнуліся да тых прынцыпаў эканамічнага жыцця, вытворчасці, спажывання і неўпарадкаванага выкарыстання прыродных рэсурсаў, якія існавалі перад пандэміяй.

Барталамей І таксама пажадаў пакласці канец "распаўсюджванню псеўданавуковых заўваг аб меркаванай пагрозе вакцын супраць COVID-19, паклёпе на экспертаў і незбалансаванай недаацэнцы сур'ёзнасці гэтай хваробы". Ён адзначыў, што ў цяперашні цяжкі перыяд ініцыятывы па супрацьстаянні пандэміі з'яўляюцца адным з асноўных душпастырскіх імператываў. Адсюль вынікае цвёрды этычны абавязак падтрымліваць усеагульны доступ да вакцынацыі супраць каронавіруса, перш за ўсё ў самых бедных краінах.

Патрыярх Канстантынопальскі назваў абыякавасць да велізарных агульных праблем, якія стаяць перад чалавецтвам, сярод якіх пакуты бліжніх і знішчэнне стварэння, абразай Бога і непадпарадкаваннем Яго запаведзям.
 

04 верасня 2021, 12:36