Біскупы ЕС аб праблеме беднасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У тэксце Камісіі па сацыяльных пытаннях COMECE змешчаны рэкамендацыі для інстытутаў ЕС па ўзмацненні барацьбы з беднасцю ў Еўропе – аднаго з галоўных сацыяльных прыярытэтаў Еўрасаюза. Іерархі лічаць, што патрэбна “прасоўванне творчых спосабаў барацьбы з структурнымі прычынамі беднасці".
Адзначаецца рост беднасці сярод рабочых, якія не маюць годных умоў працы. У Дакуменце гаворыцца і пра прыклады "добрых практык", якія прымяняюцца Caritas і яе рэгіянальнымі партнёрамі ў розных краінах.
Рэкамендацыі Камісіі ўключаюць: пашырэнне матэрыяльнай і харчовай дапамогі за кошт сродкаў ЕС, больш рэалістычны маніторынг беднасці, палягчэнне доступу да даступнага і прыстойнага жылля, лепшую прафілактыку празмернай запазычанасці, садзейнічанне годнай працы, а таксама якасную адукацыю і салідарнасць.
"Мы павінны дзейнічаць для ўмацавання нашай інтэграцыі ў эканоміцы, грамадстве і палітыцы", - падкрэсліў старшыня Камісіі па сацыяльных пытаннях COMECE біскуп Антуан Эруар.