Пошук

Турма Гуаякіль у Эквадоры Турма Гуаякіль у Эквадоры 

Малітва Папы за ахвяр насілля ў Эквадоры і за мір у М’янме

На завяршэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 3 кастрычніка 2021 г. у Ватыкане, Папа звярнуў увагу на некалькі сусветных і касцёльных падзей.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прызнаўся, што быў глыбока засмучаны “жудасным выбухам насілля паміж варожымі бандамі вязняў” у турме Гуаякіль у Эквадоры, у выніку чаго загінулі больш за сто чалавек і многія атрымалі раненні. “Малюся за іх і іх сем’’і. Няхай Бог дапаможа аздаравіцца ад ран злачыннасці, якая знявольвае самых бедных, і дапаможа тым, хто кожны дзень працуе, каб зрабіць жыццё ў турмах больш чалавечым”, - сказаў Папа.

“Прагну зноў папрасіць Бога аб дары міра для дарагой м’янмарскай зямлі: няхай рукі людзей, якія на ёй пражываюць, не павінны будуць выціраць слёзы болю і смерці, але змогуць паціснуць адна адну, каб разам пераадольваць цяжкасці і працаваць на карысць наступлення міру”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік таксама распавёў пра тое, што ў італьянскім горадзе Катандзара былі беатыфікаваны Марыя Антонія Сама і Гаэтана Таламеа – дзве паралізаваныя жанчыны, якія “падтрыманыя Божай ласкай, прынялі крыж сваёй хваробы, ператвараючы пакуты ў праслаўленне Бога”. “Іх ложкі сталі пунктам духоўнай апоры і месцам малітвы і хрысціянскага росту для многіх людзей, якія ля іх знаходзілі суцяшэнне і надзею”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што ў першую нядзелю кастрычніка ў марыйным санктуарыі ў Пампеях вернікі сабраліся на супольную малітву да Маці Божай. “У гэтым месяцы абновім разам абавязак малітвы на святым Ружанцы”, - заклікаў Папа.
 

03 кастрычніка 2021, 13:24