Прэм’ер-міністр Мальты з візітам у Ватыкане
Аляксандр Панчанка – Vatican News
9 кастрычніка 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэм’ер-міністра Мальты Роберта Абелу. Затым палітык сустрэўся з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.
“У ходзе шчырых перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце падкрэсліваліся добрыя двухбаковыя адносіны і плённае супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай. Бакі адзначалі ўклад хрысціянства ў гісторыю, культуру і жыццё мальтыйскай народа, дзейнасць Касцёла на карысць чалавечага і грамадскага развіцця краіны, асабліва ў адукацыйнай і дабрачыннай сферах. Закраналіся таксама тэмы, якія ўяўляюць супольны інтарэс, такія як міграцыя, дзе актыўна задзейнічаны Касцёл і ўрад, а таксама некаторыя пытанні этычнага характару”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
Падчас візіту мальтыйскага палітыка ў Ватыкан абмяркоўвалася еўрапейская і міжнародная сітуацыя, з асаблівай увагай да Міжземнаморскага рэгіёна, а таксама падкрэслівалася важнасць экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу ў будаванні міра і братэрства паміж народамі.