Пошук

South Korean President Moon Jae-in arrives to meet Pope Francis, at the Vatican South Korean President Moon Jae-in arrives to meet Pope Francis, at the Vatican 

Прэзідэнт Карэі спадзяецца на візіт Святога Айца

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі выказаў надзею на тое, што хутка зможа сустрэцца з Францішкам на Карэйскій паўвостраве. Папа прыняў Мун Чжэ Іна 29 кастрычніка 2021 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Палітык падарыў Святому Айцу крыж, зроблены з калючага дроту – часткі агароджы дэмілітарызаванай зоны, якая раздзяляе дзве карэйскія дзяржавы. Пасля сустрэчы з Пантыфікам Мун Чжэ Ін правёў перамовы з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

Зала Друку паведаміла, што ў ходзе візіту выказвалася задавальненне двухбаковымі адносінамі, адзначаўся станоўчы ўклад Каталіцкага Касцёла ў жыццё карэйскага грамадства, асаблівая ўвага звярталася на спрыянне дыялогу і прымірэнню паміж карэйцамі.

Бакі выказалі надзею на тое, што супольныя дзеянні і добрая воля, падтрыманыя салідарнасцю і братэрствам, будуць служыць супакою і развіццю на Карэйскім паўвостраве. Абмяркоўваліся таксама актуальныя міжнародныя падзеі і гуманітарныя крызісы.

Францішак сустракаўся з Мун Чжэ Інам ужо другі раз: палітык наведваў Ватыкан у кастрычніку 2018 г. Прэзідэнт Паўднёвай Карэі пераказаў тады Папу вуснае запрашэнне наведаць Пхеньян, якое скіраваў яму паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын. Святы Айцец, у сваю чаргу, выказваў гатоўнасць наведаць Паўночную Карэю, як толькі атрымае афіцыйнае запрашэнне.

Каментуючы гэты факт у размове з журналістамі, кардынал П’етра Паралін падкрэсліваў, што падарожжа такога роду патрабуе вельмі сур’ёзнай падрыхтоўкі і яно магло б зрабіць “фундаментальны ўклад” у падтрымку “працэса прымірэння і ядзернага раззбраення”.

30 кастрычніка 2021, 13:00