Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

На Кіпры чакаюць, што Папа прынясе надзею на яднанне

Католікі Кіпра спадзяюцца, што візіт Папы стане для іх часам надзеі і веры, - прызнаўся мясцовы мараніцкі арцыбіскуп Салім Сфэір. Востраў перажывае драму падзелу: з 1974 г. яго паўночная частка акупаваная Турцыяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У размове з Vatican News іерарх выказаў надзею, што апостальскае падарожжа Францішка стане для яго магчымасцю пазнаёміцца з кіпрскімі рэаліямі.

“Гэты візіт – ласка для ўсіх нас. Такім чынам Папа працягвае свой паход на перыферыю. Гэта таксама пілігрымка на зямлю апостала Барнабы, адсюль яе дэвіз: “Суцешым адзін аднаго ў веры”. Прысутнасць Святога Айца – гэта прысутнасць дыялогу і міру. Кіпрскія католікі належаць да мараніцкай і лацінскай супольнасцей. Аднак большасць кіпрыётаў – праваслаўныя. Візіт Францішка з’яўляецца працягам апостальскага шляху Бэнэдыкта XVI, які ў 2010 г. паказаў, што Кіпр можа адыграць асаблівую ролю ў развіцці дыялогу і супрацоўніцтва. Падарожжа Францішка ў краіны Міжземнамор’я дае нам надзею і заахвочвае да дыялогу, да абвяшчэння, што людзі павінны жыць разам”, - звярнуў увагу арцыбіскуп Сфэйр.

Мэтай 35-га Апостальскага падарожжа Францішка стануць Кіпр і Грэцыя. Ён ужо быў на грэчаскім востраў Лесбас у 2016 г. у кантэксце міграцыйнага крызісу. Там ён сустракаўся з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І і Прадстаяцелем Грэчаскай Праваслаўнай Царквы, Архіепіскапам Афінскім Еранімам ІІ.

У 2001 г. Грэцыю наведаў св. Ян Павел ІІ. Бэнэдыкт XVI стаў першым Пантыфікам, які адправіўся на Кіпр. Гэта адбылося ў 2010 г.
 

07 лістапада 2021, 13:05