У рамках EXPO 2020 прайшоў Сусветны міжканфесійны саміт
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча супала з Міжнародным днём талерантнасці, абвешчаным ЮНЕСКА ў 1995 г. у гонар Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. “Нельга ўпускаць магчымасці для дасягнення мэт, якія выходзяць за межы рэлігійных адрозненняў”, - звярнуў увагу біскуп Пол Хіндэр, Апостальскі вікарый Аравіі, які ўдзельнічаў у саміце.
Прысутныя выказалі рашучае асуджэнне ўсіх актаў насілля, якія могуць быць здзейснены ў імя рэлігіі. “Насіллю, учыненаму ў імя ісламу, няма апраўдання, бо гэта рэлігія міру. Святасць чалавека мае асаблівае значэнне, таму што жыццё дадзена нам Богам”, - сказаў гаспадар сустрэчы, шэйх Нахаян Мубарак аль-Нахаян, міністр талерантнасці і суіснавання Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Па словах біскупа Хіндэра, рэлігіі ніколі не павінны забываць аб сваёй “канчатковай місіі” – нагадваць людзям пра іх “агульнае паходжанне і агульны лёс”. “Няхай цнота братэрства будзе зноў адкрыта ўсімі намі як шлях да міру, справядлівасці, барацьбы з тэрарызмам, дыялогу, абароны месцаў культу, пашырэння правоў і магчымасцей жанчын, грамадскай дзейнасці”, - пажадаў ён у сваім выступленні на форуме.
У інтэрв’ю Vatican News Апостальскі вікарый заявіў, што міжрэлігійны дыялог неабходны для барацьбы з нянавісцю і пабудовы адзінства паміж людзьмі. “Зламаць бар'еры нянавісці, гэта не пераход у іншую рэлігію, а пытанне лепшага разумення таго, у што верыць іншы чалавек. Гэта таксама дыялог, дзе мы можам працаваць разам дзеля агульнай мэты. Мы жывём у адным свеце, у нас аднолькавыя праблемы, напрыклад, што тычыцца навакольнага асяроддзя, міру і войнаў. Мы ўсе зацікаўлены ў дасягненні больш справядлівага, больш мірнага, больш гуманнага свету”, - адзначыў ён.
Іерарх таксама падкрэсліў, што трэба працаваць над рэалізацыяй канцэпцыі энцыклікі Fratelli tutti. “Хоць патрабуюцца шматгадовыя намаганні, калі мы не пачнём сёння, рызыкуем упусціць гэтую магчымасць”, - сказаў ён, спасылаючыся на сітуацыю ў Емене.
“Гэта трагедыя, і праблема далей існуе. Гэта занадта забыты сусветнай грамадскай думкай канфлікт (...), які мае шмат граняў: ідзе грамадзянская вайна, ёсць інтэрвенцыя звонку, ёсць хваробы жыхароў, перамешчаных асоб і бежанцаў, гэта складаны свет. (...) Жыхары Емена кажуць: мы маглі б знайсці мір, калі б нам дазволілі іншыя! Спадзяюся, што аднойчы ў гэтай цудоўнай краіне будзе мір, я малюся за гэта. Мне балюча тое, што адбылося з гэтым народам са старажытнай культурай, прыгожымі і камунікабельнымі людзьмі”, - падзяліўся біскуп Хіндэр.