Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Бо пасля трагедыі ў М'янме: калі гэта скончыцца?

Напярэдадні Божага Нараджэння ў М'янме адбылася бойня. На ўсходзе краіны ў спаленых аўтамабілях знайшлі больш за 35 абгарэлых цел, у тым ліку жанчын і дзяцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Гэта страшэнная, жудасная жорсткасць, агідны акт бесчалавечнага варварства. Калі мы перастанем забіваць адно аднаго?", - напісаў у лісце да народа М'янмы і ўсёй міжнароднай супольнасці кардынал Чарльз Бо. “Гэта расправа, якую я цалкам асуджаю. Я пагружаны ў жалобе, горача малюся за ахвяр, іх сваякоў і тых, хто выжыў”, - дадаў арцыбіскуп Рангуна.

“Калі многія з нас святкавалі аб’яўленне Святла і пачатак жыцця Князя міру, шмат хто ў М'янме спазнаў цемру смерці і разбурэння”, - напісаў іерарх.

Кардынал згадаў таксама іншыя падзеі, якія адбыліся напярэдадні Божага Нараджэння, у тым ліку авіяўдары ў штаце Карэн, якія прымусілі тысячы людзей бегчы праз мяжу ў Тайланд, і бамбардзіроўкі ў штаце Чын.

“Калі гэта скончыцца? Калі скончацца дзесяцігоддзі грамадзянскай вайны? Калі мы зможам атрымліваць асалоду ад сапраўднага міру, справядлівасці і сапраўднай свабоды? Калі мы перастанем забіваць адно аднаго? Браты забіваюць братоў, сёстры забіваюць сясцёр – гэта ніколі не стане рашэннем нашых праблем”, - адзначыў арцыбіскуп Рангуна.

Ён заклікаў бірманскую армію спыніць бамбардзіроўкі і абстрэлы нявінных людзей, спыніць разбурэнне дамоў і храмаў, школ і клінік і пачаць дыялог з дэмакратычным рухам і этнічнымі ўзброенымі групоўкамі.
 

28 снежня 2021, 11:43