Касцёлы Еўропы заклікаюць да вакцынацыі супраць COVID-19
Ян Глінскі - Vatican News
Супольны заклік абнародавалі старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE), кардынал Жан-Клод Олерыш, а таксама старшыня Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (KEK), пастар Крысціян Крыгер.
Як адзначаецца ў дакуменце, драматычная колькасць захворванняў на COVID-19, якая працягвае расці, звязана з розным працэнтам вакцыніраваных у краінах Еўропы. У некалькіх саюзных дзяржавах колькасць людзей, якія атрымалі вакцыну, па-ранейшаму недастатковая для спынення пандэміі.
Кіраўнікі касцёльных супольнасцей, абапіраючыся на меркаванне навукоўцаў і медэкспертаў, згодныя з тым, што вакцынацыя – на сёння адзіны эфектыўны спосаб барацьбы з пандэміяй і ратавання жыцця.
Як сцвярджаюць аўтары дакумента, вакцынацыя дапамагае не толькі нам, але і бліжнім, а таксама з’яўляецца актам любові і клопату, адказнасці і грамадскай справядлівасці. Прадстаўнікі Цэркваў разумеюць, што рашыцца на вакцынацыю не заўсёды проста. У людзей узнікаюць сумневы адносна наступстваў прышчэпкі, або могуць быць супрацьпаказанні з прычыны сур’ёзных хранічных захворванняў. Яны заахвочваюць скарыстаць з прафесійнай кансультацыі і прыняць свядомае рашэнне.
З гарачым заклікам кіраўнікі Цэркваў звяртаюцца да ўсіх адказных асоб у грамадстве, у тым ліку да палітыкаў і хрысціянскіх супольнасцей, супрацьстаяць дэзінфармацыі адносна вакцынацыі. Краіны Еўрасаюза хрысціянскія лідары заклікаюць дзяліцца вакцынамі і запэўніваць кожнаму справядлівы доступ да іх.