Пошук

Сядзіба ЕСПЧ  у Страсбургу Сядзіба ЕСПЧ у Страсбургу 

Страсбургскі суд: зварот да Бога ў прысязе – не парушэнне закону

Еўрапейскі суд па правах чалавека адхіліў скаргу левых актывістаў, якія патрабавалі адхілення палажэнняў Канстытуцыі Ірландыі аб абавязку прысягі са спасылкай на Бога ў выпадку прэзідэнта або члена парламента.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Заяўнікі, якія лічаць сябе няверуючымі, сцвярджалі, што такое абавязацельства парушае іх свабоду сумлення і веравызнання.

У якасці эксперта ў ход суда ўмяшаўся Інстытут Ordo Iuris, які ў сваім заключэнні падкрэсліў, што краіны, у гісторыі якіх хрысціянства адыграла важную ролю, маюць права культываваць свае традыцыі. ЕСПЧ пагадзіўся з Інстытутам.

У 2018 годзе пяцёра грамадзян Ірландыі – чатыры палітыкі з левых партый і адзін актывіст з атэістычнай грамадскай арганізацыі – падалі скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека адносна абавязку прысягаць перад Богам у выпадку ўступлення на некаторыя пасады ў краіне. На думку заяўнікаў, параграфы 12 і 31 Канстытуцыі Ірландыі, якія прадугледжваюць, што кандыдаты ў прэзідэнты або ў Дзяржаўны савет перад уступленнем на пасаду павінны прынесці прысягу “ў прысутнасці Усемагутнага Бога”, парушаюць іх права на свабоду веравызнання.

У сваім заключэнні Інстытут Ordo Iuris прадставіў агляд прававых норм з усяго свету адносна варыянтаў прысягі, якая прымаецца перад уступленнем на пасаду, указваючы, што многія з іх па-ранейшаму ўтрымліваюць абавязковую спасылку на Бога, напрыклад, у Нарвегіі, Ліхтэнштэйне, Грузіі ці Сан-Марына. У Інстытуце патлумачылі, што абавязак прысягаць перад Богам не парушае рэлігійнай свабоды і служыць звяртанню ўвагі на асноўныя каштоўнасці, якія паўплывалі на ўзнікненне і станаўленне дадзенай дзяржавы. Еўрапейскія краіны маюць права шанаваць свае традыцыі, таму ім трэба пакінуць шырокі запас манеўру ў гэтым пытанні.

ЕСПЧ прызнаў скаргу непрымальнай, заявіўшы, што заяўнікі не могуць разглядацца як “ахвяры” парушэння параграфа 9 Канвенцыі ў сітуацыі, калі ні адзін з іх не з'яўляецца кандыдатам у прэзідэнты або ў члены Дзяржсавета. Суд дадаў, што Еўропа разнастайная з пункту гледжання культурнага і гістарычнага развіцця, і таму дзяржавам павінна быць дазволена шырокае поле манеўру ў адносінах паміж уладай і рэлігіяй.
 

20 снежня 2021, 10:53