Пошук

Падчас спецыяльнай сесіі ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Эфіопіі Падчас спецыяльнай сесіі ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Эфіопіі 

Святы Пасад заклікаў да дыялогу і прымірэння ў Эфіопіі

Святы Пасад заклікаў міжнародную супольнасць актывізаваць намаганні па аднаўленні міру і бяспекі ў Эфіопіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З лістапада 2020 года афрыканскую краіну раздзірае магутны ўнутраны канфлікт, які прывёў да драматычнай гуманітарнай сітуацыі. Каб выратавацца ад гвалту, 2 мільёны чалавек павінны былі пакінуць свае дамы, а 500 тысячам пагражае галодная смерць.

Сітуацыя ў Эфіопіі стала тэмай пазачарговай сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе. Былі адзначаны трагічныя наступствы канфлікту, які разгарэўся паміж урадам Адыс-Абебы і паўстанцамі з рэгіёну Тыграй.

Мансеньёр Джон Путцэр з Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасаду пры Арганізацыі выказаў заклапочанасць паглыбленнем гуманітарнага крызісу, які, як падкрэсліў, неўзабаве можа перакінуцца на іншыя краіны рэгіёну. Ватыканскі дыпламат таксама заклікаў міжнародную супольнасць актывізаваць аказанне элементарнай медыцынскай і харчовай дапамогі, а таксама намаганні па аднаўленні міру. Ён нагадаў словы Францішка аб тым, што толькі дыялог і шлях міру вылечваюць канфлікты і спараджаюць братэрства.

На драматычную сітуацыю ў Эфіопіі звярнулі ўвагу і біскупы з усходнеафрыканскай біскупскай канферэнцыі, якая ахоплівае 11 краін кантынента. Яны адзначылі, што найбольш актуальнымі захадамі, якія могуць дапамагчы эфіопам вярнуцца на шлях дыялогу і міру, з'яўляюцца неадкладнае складанне зброі і адмова ад помсты і неапраўданых арыштаў і пакаранняў смерцю.

Некалькімі днямі раней рэлігійныя лідары Эфіопіі звярнуліся да Францішка з адмысловым заклікам. Яны просяць, каб ён выкарыстаў папскую ўладу для спынення ваенных дзеянняў у рэгіёне Тыграй і прадухіліў чарговы генацыд.
 

19 снежня 2021, 12:42