Пошук

Кардынал Марыё Дзэнары сярод сірыйскіх іерархаў Кардынал Марыё Дзэнары сярод сірыйскіх іерархаў 

Папскі дыпламат пра сітуацыю ў Сірыі

Сумным з’яўляецца той факт, што на працягу 11 гадоў у сваіх пасланнях Папа вымушаны гаварыць пра Сірыю як пра адну з краін, дзе ідуць войны, - адзначыў кардынал Марыё Дзэнары.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскі нунцый у Сірыі пракаментаваў словы Францішка, сказаныя сёлета перад благаслаўленнем Urbi et Orbi, аб тым, што прызвычаенасць да трагедыі не дазваляюць свету пачуць крык болю і адчаю многіх сірыйцаў.

“Навіны пра Сірыю больш не “прадаюцца”. Тры гады таму журналісты з усяго свету прасілі ў мяне інтэрв'ю. Сёння краіна знікла з СМІ, поўная цішыня. У цяперашні час Сірыя ў меншай меры пакутуе ад бамбардзіровак, і ў большай – ад галечы і безвыходнасці. Гэта дзве бомбы, якія паставілі насельніцтва на калені”, - адзначыў іерарх.

Гаворачы аб працэсе адбудовы краіны, нунцый нагадаў, што ён заблакіраваны, як і развіццё эканомікі. Вяртанне бежанцаў таксама немагчымае. Дзэнары ўказаў на рознагалоссі ў міжнароднай супольнасці, вета Расіі і Кітая на гуманітарную дапамогу, што перашкодзіла аднаўленню Сірыі. Спалучэнне карупцыі, санкцый і безгаспадарчага кіравання падрывае мір і працэс аднаўлення.

Вялікая колькасць сем'яў, паводле яго слоў, прадавалі свае рэчы і ўлазілі ў даўгі, каб атрымаць суму, неабходную для выезду з Сірыі. Кошт такой аперацыі даходзіць да 30 тысяч долараў ЗША. “У параўнанні з сярэднім заробкам дзяржаўнага служачага, напрыклад, школьнага настаўніка, які складае каля 35 долараў у месяц, гэта ненармальныя лічбы”, - заўважыў іерарх.

Нягледзячы на гэта, сірыйскія хрысціяне спрабуюць культываваць сваю веру. “На жаль, нашы касцёлы амаль пустыя, таму што больш за палову вернікаў сышлі, асабліва моладзь. Тым не менш, вера не слабее. Адносіны з Богам застаюцца моцнымі, хоць, магчыма, у форме крыку болю і адчаю”, - сказаў кардынал Дзэнары. Людзі працягваюць маліцца, каб іх становішча змянілася. “Мы звяртаемся да Бога з просьбай закрануць сэрцы людзей і дапамагчы ім на міжнародным узроўні. Шмат абыякавасці, але мы таксама адчуваем, дзякуй Богу, вялікую блізкасць і сардэчнасць з боку ўсіх канфесій і грамадскіх асяроддзяў. Мы – сведкі чуласці людзей не вельмі багатых, якія дапамагаюць. Аднак гэта кроплі, якія капаюць з-пад крана ў пустыні патрэб, а нам патрэбна рака”, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Як нагадаў кардынал, у сакавіку ў Сірыі пры падтрымцы Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў адбудзецца трохдзённая канферэнцыя з мэтай арганізацыі і каардынацыі дабрачыннай і гуманітарнай дапамогі. Яе тэма: “Сінадальны Касцёл і дабрачынная дзейнасць”.

“Дапамога спатрэбіцца яшчэ доўга, таму важна арганізаваць яе сінадальна. У Сірыі працуе шмат Добрых Самаран”, - звярнуў увагу Дзэнары. Сярод іх – валанцёры праекта “Адкрытыя бальніцы”, якія бясплатна лечаць самых бедных, пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі, фонду Avsi і прыцягненні трох каталіцкіх некамерцыйных бальніц, а таксама з дапамогай розных “донараў”, у тым ліку Канферэнцыі Біскупаў Італіі, Фонду паліклінікі Gemelli і Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Праект дапамог ужо 60 тысячам чалавек – бедным і хворым сірыйцам усіх рэлігій і этнічных груп.
 

30 снежня 2021, 11:07