Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

2021 – цяжкі год для хрысціян ва ўсім свеце

416 мільёнаў хрысціян з’яўляюцца ахвярамі дыскрымінацыі і пераследу. На гэтую тэму неахвотна пішуць сусветныя СМІ, пакуты вернікаў сустракаюцца з абыякавасцю палітыкаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папскі фонд Дапамога Касцёлу ў патрэбе, які на працягу многіх гадоў адсочвае сітуацыю хрысціян ва ўсім свеце, заўважае, што надзвычай цяжкім для паслядоўнікаў Хрыста стаў канец 2021 года.

Апошнія звесткі кажуць пра хвалю антыхрысціянскай дыскрымінацыі ў Індыі, дзе ўлады хочуць абмежаваць дзейнасць хрысціян і ўзяць пад кантроль сродкі, якія яны атрымліваюць з-за мяжы, кантралюючы рахункі манаскіх кангрэгацый і хрысціянскіх фондаў і асацыяцый. Гэта балюча адбілася ў тым ліку на Місіянерках любові Маці Тэрэзы.

У сваю чаргу інфармацыя аб далейшых расправах над хрысціянамі паступіла ў апошнія дні з М'янмы і Мазамбіка.

“Гэта быў не вельмі добры год для свабоды рэлігіі. Хрысціяне ўсё яшчэ шмат пакутуюць, а свет пра гэта маўчыць”, - звярнуў увагу Алесандра Мантэдура з італьянскага офіса Дапамогі Касцёлу ў патрэбе. Ён падкрэсліў, што паездка Францішка ў Ірак раскрыла драму самага жорсткага пераследу апошняга дзесяцігоддзя, але ісламскі тэрор, які лютуе ў іншых краінах, не згадваецца дагэтуль.

“На жаль, мы назіраем прагрэсіруючую радыкалізацыю і распаўсюджванне з'яў, звязаных з джыхадам. Па ўсёй Афрыцы, ад Афрыкі на поўдзень ад Сахары да Усходняй Афрыкі, існуе прынамсі некалькі дзясяткаў тэрарыстычных арганізацый з амбіцыямі ўсталяваць свой халіфат на гэтых тэрыторыях”, - заўважыў супрацоўнік папскага фонду. Ён згадаў Буркіна-Фасо, Нігер, Чад, Малі, Камерун і Нігерыю.

Па словах Мантэдура, напрыклад, у Буркіна-Фасо, дзе да 2015 года было выключна мірнае суіснаванне розных рэлігій і плямён, сітуацыя жахліва пагоршылася. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, ажно 60% тэрыторыі краіны больш не даступныя для гуманітарнай дапамогі. Сёння тут мільёны ўнутрана перамешчаных асоб і тых, хто шукае прытулку ў суседніх краінах. Гэтак жа цяжка хрысціянам у Пакістане.

“Аднак гэта сітуацыя не знаходзіць належнага адлюстравання ў СМІ і сусветнай палітыцы. Захоўваецца занадта абыякавае стаўленне да гэтых трагедый”, - з жалем заўважыў супрацоўнік італьянскага офіса Дапамогі Касцёлу ў патрэбе.
 

05 студзеня 2022, 10:26