Пошук

Кардынал Жан-Клод Олерыш Кардынал Жан-Клод Олерыш  

Біскупы краін ЕС: сітуацыя вакол Украіны пагражае міру ў Еўропе

Ад імя Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) яе старшыня, кардынал Жан-Клод Олерыш выказаў “вялікую заклапочанасць захаваннем напружанасці ва ўсходнім суседстве”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскупы краін Еўрапейскага Саюза выказалі салідарнасць са сваімі братамі і сёстрамі ва Украіне. “Эскалацыя рыторыкі і дзеянняў, сведкамі якіх мы зараз з’яўляемся, не толькі ўяўляе пагрозу для ўкраінскага народа, але і пагражае міру на еўрапейскім кантыненце і за яго межамі”, - падкрэсліваецца ў заяве.

Магчымае ваеннае ўварванне і наступны жорсткі канфлікт не толькі прынясуць страшныя чалавечыя пакуты і смерць, але і знішчаць на доўгія гады дасягненні некалькіх пакаленняў у пабудове міру і стабільнасці ў Еўропе.

COMECE далучаецца да закліку папы Францішка і просіць усе бакі адмовіцца ад сваіх прыватных інтарэсаў, спрыяючы дээскалацыі і мерам па ўмацаванні даверу, адначасова шукаючы мірнага і трывалага вырашэння крызісу на аснове шчырага дыялогу і міжнароднага права.

“Мы заклікаем міжнародную супольнасць, у тым ліку Еўрапейскі саюз, аднавіць сваю прыхільнасць да міру і актыўна ўдзельнічаць у намаганнях па дыялогу”, - гаворыцца ў звароце, дасланым кардыналам Олерышам ад імя біскупаў краін ЕС.

Іерархі вітаюць нядаўнюю заяву Еўрапейскай камісіі аб новым пакеце фінансавай дапамогі для Украіны ў памеры 1,2 мільярда еўра і заклікаюць да яго хуткага прыняцця і рэалізацыі на карысць украінскага народа.
 

27 студзеня 2022, 10:04