Пошук

Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала. Божае Нараджэнне. Бэтлеем Арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала. Божае Нараджэнне. Бэтлеем 

Патрыярх: хрысціяне – паўнапраўныя грамадзяне Святой Зямлі

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала не бачыць неабходнасці ў асаблівых мерах абароны хрысціян у Святой Зямлі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй навагодняй гаміліі іерарх прызнаўся, што не падзяляе меркавання аб нейкім адмысловым падыходзе да гарантавання бяспекі хрысціянам у кантэксце “шматлікіх нягод і варожасці”, з якімі яны сутыкаюцца ў рэгіёне.

“Мы хочам не хавацца пад шклом, але быць неад’емнай часткай грамадскага і рэлігійнага жыцця нашай супольнасці”, - сказаў кіраўнік католікаў лацінскага абраду Святой Зямлі. Ён дадаў, што хрысціяне жадаюць “распаўсюджваць Добрую Навіну сваім ладам жыцця” і прадэманстраваць “пакутнаму свету” альтэрнатыву, “заснаваную на роўнасці і прымірэнні, узаемнай павазе і любові”.

Заява Патрыярха была зроблена са спасылкай на нядаўнія дэбаты аб бяспецы хрысціян у Святой Зямлі. У апошнія месяцы ізраільскія ўлады былі незадаволены абвінавачваннямі, якія паступалі з боку рэлігійных супольнасцей. Праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Феафіл III распачаў экуменічную інтэрнэт-кампанію супраць высылкі хрысціян з рэгіёна. Пра пагрозу для прысутнасці хрысціян у Святой Зямлі нядаўна папярэдзілі ў сумеснай заяве і прадстаўнікі некалькіх Цэркваў.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Ізраіля Ліор Хаят заявіў аб неабгрунтаванасці абвінавачванняў. На думку ўладаў, яны скажаюць рэальнасць мясцовай хрысціянскай супольнасці, якая карыстаецца поўнай рэлігійнай і культурнай свабодай як у Іерусаліме, так і па ўсёй краіне.

Прэзідэнт Ісаак Херцаг таксама запэўніў, што хрысціянскія супольнасці з'яўляюцца благаслаўленнем для Ізраіля, дарам для народа і Дзяржавы Ізраіль. Гэтыя словы прагучалі 29 снежня 2021 года на традыцыйнай навагодняй вечарыне для кіраўнікоў Касцёлаў у Святой Зямлі, на якой таксама прысутнічаў арцыбіскуп Піцабала.
 

05 студзеня 2022, 11:51