Святая Зямля зноў адкрыта для пілігрымаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэта добрая навіна для хрысціян, якія жывуць у Святой Зямлі і ў асноўным атрымліваюць прыбытак ад абслугоўвання пілігрымаў і рэлігійнага турызму. Вялікім ударам для іх стала закрыццё меж у канцы лістапада, перад пачаткам каляднага сезону.
У цяперашні час у Ізраіль могуць уязджаць толькі тыя, хто прышчапіўся або выздаравеў. Прэм'ер-міністр краіны адзначыў, што, хоць новую хвалю каронавіруса немагчыма спыніць, месца для панікі няма, а закрыццё меж не вырашыць праблему. Нафталі Бэнэт лічыць, што прыярытэт – гэта выратаванне эканомікі і абарона самых слабых.
Улады чакаюць, што Omicron заразіць ад 2 да 4 мільёнаў з 9,5 мільёна ў зраільцян. Апошнія звесткі кажуць пра 44 тысячы новых выпадкаў за дзень, што з'яўляецца самай высокай колькасцю з пачатку пандэміі. Каля 250 пацыентаў знаходзяцца ў цяжкім стане, 63 з іх прыйшлося падключыцца да апарата ШВЛ. Цяпер улады патрабуюць сем дзён каранціну для тых, у каго быў станоўчы тэст на COVID-19.
У мэтах стымулявання турызму быў запушчаны сайт Israel safe (Бяспечны Ізраіль), на якім змяшчаецца карысная інфармацыя аб абмежаваннях і дакументах, неабходных для ўезду ў краіну. Мільёны пілігрымаў з усяго свету чакалі гэтага шанцу. У 2021 годзе ў Ізраіль прыехала больш за 400 тысяч турыстаў; гэта менш за дзясятую частку наведвальнікаў краіны ў 2019 годзе, да пачатку пандэміі.