Венесуэла: епіскапат нагадвае пра драматычную сітуацыю ў краіне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэта адбылося ў выніку сістэмных і эканамічных пераўтварэнняў, уведзеных Уга Чавесам і яго пераемнікам Нікаласам Мадурай. Ідэалогія ўзяла пад кантроль сістэму ўлады, парушаючы правы чалавека, - напісалі венесуэльскія біскупы ў сваёй заяве па выніках пленарнага пасяджэння.
Іерархі занепакоены абмежаваннем грамадзянскіх правоў з боку рэжыму, які хоча застацца пры ўладзе любой цаной, нягледзячы на паслядоўныя няўдачы. Епіскапат нагадаў, што працягваецца дэмантаж дэмакратычных інстытутаў, пераважная большасць грамадзян жыве ў галечы, а шэсць мільёнаў венесуэльцаў пакінулі краіну. У аснове дзейнасці ўладаў ляжыць воля змяніць чалавека, створанага для свабоды і адказнасці, у выканаўцу загадаў ідалапаклонніцкіх цэнтраў сілы, - гаворыцца ў дакуменце.
У гутарцы з Vatican News новы старшыня епіскапату, арцыбіскуп Хесус Гансалес дэ Саратэ падкрэсліў, што сітуацыя ў Венесуэле становіцца ўсё больш драматычнай. Людзі пакутуюць, растуць незадаволенасць і трывога. І гэта прычына закліку Касцёла да абнаўлення краіны на аснове евангельскіх каштоўнасцей, салідарнасці, справядлівасці і свабоды, якія заўсёды былі падмуркам венесуэльскага грамадства.