Пошук

Францішак падчас візіту ў ААЭ. 04.02.2019 Францішак падчас візіту ў ААЭ. 04.02.2019 

Арабскія Эміраты: адкрыццё Апостальскай нунцыятуры

“Каталіцкая супольнасць Абу-Дабі і ўсяго Аравійскага паўвострава з’яўляецца прыкладам цярпення і хрысціянскага жыцця з надзеяй”, - адзначыў Субстытут па агульных пытаннях Дзяржсакратарыята.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара ўзначаліў цырымонію адкрыцця Апостальскай нунцыятуры ў сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Іерарх нагадаў пра візіт Францішка ў Абу-Дабі ў 2019 годзе і заклікаў мясцовую хрысціянскую супольнасць “маліцца аб благаслаўленні ў руплівасці, цярпенні і надзеі, не паддавацца расчараванню, нават калі намаганні, здаецца, не прыносяць плёну”.

“Пасланне Бога – гэта пасланне міру, надзеі і свабоды тым, хто знаходзіцца ў духоўным рабстве або слепаце; пасланне, якое прапануе праўду і сапраўднае адзінства, і гэта тое, аб чым трэба сведчыць”, - сказаў высокі ватыканскі дыпламат.

Святы Пасад і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ўстанавілі поўныя дыпламатычныя адносіны ў 2007 годзе. У 2019 годзе Францішак стаў першым Папам у гісторыі, які наведаў Аравійскі паўвостраў, у прыватнасці Абу-Дабі.

Грамадзяне Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў амаль выключна мусульмане, а іслам – дзяржаўная рэлігія. Канстытуцыя гарантуе свабоду рэлігіі, і хрысціяне могуць свабодна практыкаваць сваю веру ў храмах, але не ў публічнай прасторы.
 

03 лютага 2022, 10:10