Пошук

Базыліка Святога Крыжа ў Фларэнцыі Базыліка Святога Крыжа ў Фларэнцыі 

Фларэнцыя: біскупы і мэры заклікалі да перамоў і міру ва Украіне

Каталіцкія біскупы і мэры міжземнаморскіх гарадоў, якія сустракаліся ў Фларэнцыі, перакананыя, што рэгіён не можа быць і не будзе месцам канфлікту знешніх сіл.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Фларэнційскай хартыі, якая стала вынікам сустрэчы, удзельнікі спаслаліся на вайну супраць Украіны і разам выказалі надзею, што насілле спыніцца, распачнуцца перамовы аб аднаўленні міру, а ўкраінскі народ будзе выбаўлены ад пакут. Выніковы дакумент падпісалі 60 біскупаў і 65 мэраў Міжземнаморскага рэгіёну.

Яны заклікалі паставіць чалавечую асобу ў цэнтры міжнароднага парадку дня, імкнучыся да міру, абараняючы планету, забяспечваючы дабрабыт і спрыяючы павазе да асноўных правоў кожнага чалавека, у тым ліку шляхам прасоўвання Мэт устойлівага развіцця і Парыжскага пагаднення па клімаце.

Сярод праблем, на якія звярнулі ўвагу біскупы і мэры, змена клімату, міграцыя, канфлікты і беднасць. Яны перакананыя, што павышэнне і прасоўванне ролі гарадоў і дыялогу паміж іх грамадзянскімі і рэлігійнымі супольнасцямі з'яўляецца важным укладам у рашэнне гэтых задач. Адзначаецца, што міграцыйная палітыка ў Міжземнаморскім рэгіёне і на яго межах заўсёды павінна рэалізоўвацца з павагай да асноўных правоў чалавека.
 

28 лютага 2022, 12:58