Міжземнаморскія біскупы: няхай скончыцца вар'яцтва вайны!
Іерархі, якія сабраліся ў Фларэнцыі на канферэнцыі на тэму: Міжземнаморская мяжа міру, аднагалосна прынялі заяву па сітуацыі ва Украіне.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Біскупы Міжземнамор’я заявілі аб сваёй блізкасці да хрысціянскіх супольнасцей гэтай краіны. Яны апелявалі да сумлення палітычна адказных людзей і заклікалі спыніць выкарыстанне зброі. “Кожны канфлікт нясе смерць і разбурэнні, прычыняе пакуты насельніцтву, пагражае суіснаванню народаў. Вар'яцтва вайны павінна быць спынена!”, - гаворыцца ў спецыяльным звароце.
Фларэнтыйскі саміт, кульмінацыяй якога будзе нядзельны візіт Францішка, з’яўляецца беспрэцэдэнтнай падзеяй, якая аб’яднала 120 біскупаў і палітыкаў (у асноўным мэраў) з 20 краін Міжземнамор’я. Асноўнымі тэмамі канферэнцыі з'яўляюцца: міграцыя, кліматычны крызіс і роля рэлігіі ў сучасным грамадстве. Яна працягнецца да 27 лютага 2022 года.
24 лютага 2022, 12:53