Святы Айцец заклікаў да далейшай малітвы за Украіну
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Хацеў бы падзякаваць усім людзям і супольнасцям, якія аб’ядналіся 26 студзеня ў малітве за мір ва Украіне. Давайце працягнем прасіць Бога міру, каб напружанасць і пагрозу вайны можна было пераадолець праз сур'ёзны дыялог, і каб гэтаму таксама спрыялі перамовы ў Нармандскім фармаце. Не забывайма, што вайна – гэта шаленства”, - звярнуўся Францішак.
Два тыдні таму Папа абвясціў адмысловы дзень малітвы, звязаны з ростам напружанасці вакол меж Украіны. У мінулую сераду на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ён сам узначаліў кароткае набажэнства ў гэтай інтэнцыі.
Трэба адзначыць, што ў апошнія гады заклікі Пантыфіка да малітвы, дыялогу і актыўных дзеянняў на карысць вырашэння сітуацыі ва Украіне сталі рэгулярнымі. Ён пастаянна з вялікай трывогай сочыць за падзеямі ва ўсходніх рэгіёнах і настойліва просіць не дапусціць эскалацыі напружанасці, прымаючы захады па ўмацаванні ўзаемнага даверу і імкнучыся да прымірэння.