Ваенная нядзеля ў Кіеве: малітва ў бамбасховішчах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паколькі дзейнічае каменданцкая гадзіна і звязаная з гэтым забарона выходзіць на вуліцы, удзельнічаць у Эўхарыстыі маглі толькі тыя, хто знайшоў прытулак у касцёлах і дамах рэлігійных суполак.
Архіепіскап Святаслаў Шаўчук спаслаўся на рэаліі ваеннага часу, заахвочваючы святароў ісці ў бамбасховішчы і там цэлебраваць літургію. Таксама кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы звярнуўся да ўсіх, хто мае магчымасць пайсці ў храм: “Сёння ідзіце на споведзь. Усе прыміце Святую Камунію. Прыміце сёння Эўхарыстычнага Хрыста і ахвяруйце Яго за тых, хто не можа пайсці ў касцёл, за нашых войнаў. Сёння наша жыццё ў іх руках. Ахвяруйце Яго за тых, хто паранены, за бежанцаў, якія знаходзяцца на дарогах падчас гэтай несправядлівай вайны ва Украіне”.
Трэба адзначыць, што храмы, кляштары і парафіяльныя структуры, як грэка-, так і рыма-каталіцкіх суполак Украіны, застаюцца адкрытымі для бежанцаў і тых, хто хаваецца ад вайны.