Італія: дамы, канфіскаваныя ў мафіі, аддадуць уцекачам з Украіны
Італьянскія ўлады прынялі закон, які дазваляе выкарыстоўваць канфіскаваную ў мафіі маёмасць для размяшчэння бежанцаў з Украіны. На гэтыя мэты будуць перададзены 622 будынкі.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У адпаведнасці з новым юрыдычным механізмам, аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца і кіруюцца Агенцтвам па канфіскаваных актывах арганізаванай злачыннасці, сталі часова даступныя прэфектурам і муніцыпалітэтам.
“Выкарыстанне канфіскаванай маёмасці набывае моцную сімвалічную каштоўнасць, паколькі нерухомасць, адабраная ў людзей, якія карыстаюцца насіллем, будзе перададзена яго ахвярам, якія ўцяклі ад ваенных дзеянняў”, - заявіла міністр унутраных спраў Лучана Ламаргезэ.
У Італію ўжо прыехалі 67 тысяч бежанцаў з Украіны, 90% з іх – жанчыны і дзеці. Паводле звестак ЮНІСЕФ, кожнае другое ўкраінскае дзіця стала ўцекачом.
27 сакавіка 2022, 12:11