Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Конрад Краеўскі. Ілюстрацыйнае фота 

Спецпасланнік Пантыфіка пачаў місію ва Украіне

У аўторак, 8 сакавіка 2022 года, кардынал Конрад Краеўскі прыбыў ва Украіну са спецыяльнай місіяй. Мэта яго візіту – засведчыць асабістую блізкасць Папы да ўкраінскага народа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук і арцыбіскуп Львоўскі Мечыслаў Макшыцкі сустрэліся з папскім пасланнікам адразу пасля яго прыбыцця ў Львоў. Элемазінарый падкрэсліў, што хацеў бы наведаць цэнтры сацыяльнай дапамогі, сустрэцца з бежанцамі і ахвярамі вайны.

Падчас нарады кардынал Краеўскі і абодва іерархі мелі магчымасць абмеркаваць сітуацыю непасрэдна з папам Францішкам. Легат распавёў Святому Айцу пра свае першыя ўражанні і агучыў праграму візіту ва Украіну, папярэдне абмеркаваную з украінскімі пастырамі.

Варта адзначыць, што візіт, які Францішак папрасіў здзейсніць кардынала Краеўскага, павінен працягвацца столькі, колькі неабходна будзе падтрымліваць украінскі народ ад імя Святога Пасаду ў гэтыя драматычныя дні яго гісторыі. “Папа хоча прысутнічаць праз свайго асабістага пасланніка. І гэта мэта яго візіту”, - патлумачыў кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Падрабязная праграма знаходжання Папскага элемазінарыя ва Украіне пакуль не апублікавана, але вядома, што ў чацвер, 10 сакавіка 2022 года, ён наведае грэка-каталіцкія цэнтры сацыяльнай падтрымкі і прыме ўдзел у сумеснай малітве з прадстаўнікамі Усеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый.

У размове з Vatican News кардынал Краеўскі паведаміў, што акрамя Львова, збіраецца паехаць у некалькі іншых дыяцэзій. Ён ужо размаўляў з пастырам Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі і ўдзяліў яму папскае благаслаўленне. “Калі змагу некуды паехаць, я буду там. Але ўсё залежыць ад абставін. Тут усё вельмі хутка мяняецца”, - адзначыў іерарх. Перад прыездам ва Украіну элемазінарый наведаў усе буйныя памежныя пераходы з польскага боку, дзе меў магчымасць сустрэцца і паразмаўляць з украінскімі бежанцамі.

Прыбыць ва Украіну збіраецца і другі папскі пасланнік, кіраўнік Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны. Ён ужо знаходзіцца ў Венгрыі.
 

09 сакавіка 2022, 11:23