Пошук

Протаіерэй Іаан Саўка Протаіерэй Іаан Саўка 

Зварот Сусветнай Рады Цэркваў да Патрыярха Кірыла па Украіне

“З вялікім болем і са зламаным сэрцам звяртаюся да Вашай Святасці”, - напісаў да Патрыярха Кірыла выконваючы абавязкі генеральнага сакратара Сусветнай Рады Цэркваў, праваслаўны протаіерэй Іаан Саўка.

Ян Глінскі - Vatican News

“Трагічная сітуацыя вайны ва Украіне прынесла велізарныя пакуты і смяротныя ахвяры. Многія з нашых братоў і сясцёр былі вымушаны пакінуць свае дамы, у тым ліку пажылыя, жанчыны і дзеці, каб ратаваць сваё жыццё”, - заўважыў прадстаўнік экуменічнай асацыяцыі.

У сваім звароце румынскі святар прызнаўся, што кожны дзень атрымлівае лісты з розных куткоў свету з просьбай заклікаць Патрыярха Маскоўскага да пасярэдніцтва з мэтай спынення вайны і пакут.

“У гэтыя часы безнадзейнасці многія глядзяць на Вас як на таго, хто можа даць знак надзеі на мірнае вырашэнне. Пішу да Вашай Святасці як выконваючы абавязкі генеральнага сакратара Сусветнай Рады Цэркваў, але таксама як праваслаўны святар. Я прашу, залямантуйце і прамоўце ў імя братоў і сясцёр, што пакутуюць, большасць з якіх з’яўляюцца вернікамі нашай Праваслаўнай Царквы”, - напісаў протаіерэй.

2 сакавіка 2022 года католікі распачалі Вялікі пост. Папяльцовая серада стала днём посту і малітвы за Украіну. Праваслаўныя Цэрквы 6 сакавіка будуць перажываць Нядзелю Прабачэння, а 7 сакавіка распачнецца Вялікі пост. “Гэтыя важныя моманты ў нашых літургічных календарах заклікаюць нас да пакаяння, міру і паяднання”, - заўважыў праваслаўны святар.

Ён заклікаў Патрыярха Маскоўскага “ўмяшацца і стаць пасярэднікам у размовах з уладамі з мэтай спынення вайны, праліцця крыві і пакут, а таксама здзейсніць намаганні дзеля вяртання міру праз дыялог і перамовы”.
 

04 сакавіка 2022, 11:50