Святы Айцец атрымаў ліст ад мэра Кіева
Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік Залы Друку Матэа Бруні пацвердзіў, што Францішку быў дасланы ліст ад мэра Кіева Віталя Клічко.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Святы Айцец атрымаў ліст ад мэра сталіцы Украіны, і яму блізкія пакуты гэтага горада, яго жыхароў, тых, каму давялося з яго ўцякаць, і тых, хто пакліканы ім кіраваць. Ён моліцца да Пана, каб выратаваў іх ад насілля”, - адзначыў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.
Ад імя Папы Бруні паўтарыў словы, якія прагучалі падчас Анёл Панскі ў мінулую нядзелю: “Перад абліччам варварства забойства дзяцей, нявінных людзей і безабаронных мірных жыхароў не існуе стратэгічна слушных прычын: трэба спыніць недапушчальную ўзброеную агрэсію, перш чым яна ператворыць гарады ў могілкі”.
16 сакавіка 2022, 12:18