Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пацвярджае размову кардынала Параліна з Лаўровым

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду пацвердзіў размову кардынала Дзяржсакратара П'етра Параліна з кіраўніком расійскай дыпламатыі Сяргеем Лаўровым.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік Залы Друку Матэа Бруні заявіў наступнае: “Пацвярджаю тэлефонную размову паміж кардыналам Дзяржсакратаром і міністрам замежных спраў Расіі. Кардынал перадаў глыбокую заклапочанасць Францішка вайной, якая працягваецца ва Украіне, і пацвердзіў словы Папы з мінулай нядзелі, што прагучалі падчас малітвы Анёл Панскі. У прыватнасці, ён паўтарыў заклік спыніць узброеныя напады, стварыць гуманітарныя калідоры для грамадзянскага насельніцтва і ратавальнікаў, адмовіцца ад ваеннага насілля на карысць перамоў. Такім чынам, Дзяржсакратар канчаткова пацвердзіў гатоўнасць Святога Пасаду “зрабіць усё магчымае на службе міру”.

Падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі, 6 сакавіка 2022 года, Францішак скіраваў надзвычай моцны заклік у сувязі з драматычнай сітуацыяй ва Украіне. “Гэта не проста ваенная аперацыя, а вайна, якая сее смерць, разбурэнне і беднасць. Ахвяр становіцца ўсё больш, як і людзей, якія ўцякаюць, асабліва маці і дзяцей. У гэтай шматпакутнай краіне кожную гадзіну драматычным чынам узрастае патрэба ў гуманітарнай дапамозе”, - адзначыў ён.

Пантыфік заклікаў забяспечыць гуманітарныя калідоры і гарантаваць і спрасціць доступ да жыццёва неабходнай дапамогі на абложаных тэрыторыях. Ён падзякаваў усім, хто прымае бежанцаў і настойліва папрасіў спыніць узброены наступ, даць месца перамовам і разумнаму сэнсу, вярнуць павагу да міжнароднага права.
 

09 сакавіка 2022, 10:49