Кардынал: напады на касцёлы ў Шры-Ланцы да канца не расследаваны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерарх знаходзіўся ў Ватыкане з дэлегацыяй жыхароў Шры-Ланкі. Пілігрымка была прымеркавана да 3-й гадавіны нападаў, у выніку якіх 269 чалавек загінулі і больш за 500 атрымалі раненні. Іх прыняў Францішак, які таксама заклікаў раскрыць праўду аб тым, што адбылося. “Я прашу ўлады Шры-Ланкі патлумачыць, хто нясе адказнасць за гэтыя падзеі”, - сказаў Папа.
У Вялікдзень 2019 года аб'ектамі нападаў сталі тры храмы і некалькі гасцініц. Кардынал Ранжыт перакананы, што яны, несумненна, мелі ісламісцкі характар. Аднак ёсць абгрунтаваныя падазрэнні, што ў аперацыі было і другое дно, - лічыць арцыбіскуп Каломба.
“Напады адбываліся ў атмасферы ісламскага фанатызму, але ёсць доказы таго, што ў гэтым можа быць нешта іншае. Існуюць сведчанні таго, што тагачасны ўрад, і асабліва ваенная разведка, кантактавалі з тэрарыстычнымі групоўкамі, якія здзяйснялі напады. І калі мы патрабавалі, каб гэта было расследавана, нічога не адбылося. (...) Акрамя таго, урад не патлумачыў, якім чынам тэрарысты атрымалі выбуховыя рэчывы. Ёсць падазрэнне, што іх паставіла іншая ўплывовая групоўка, неабавязкова мусульманская, якая была звязана з нападнікамі”, - падзяліўся кардынал сваім меркаваннем аб падзеях трохгадовай даўнасці.