Пошук

Падчас велікоднай Імшы ў Ватыкане Падчас велікоднай Імшы ў Ватыкане 

Нідэрландскія католікі ўратавалі “кветкавую традыцыю” ў Ватыкане

Насуперак песімістычным заявам, што па фінансавых прычынах плошчу святога Пятра на Вялікдзень не ўпрыгожаць кветкамі з Нідэрландаў, гэта адбылося дзякуючы прадпрымальнасці галандскіх і славенскіх католікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У 2020 і 2021 гадах з прычыны пандэміі цэнтральныя святкаванні Вялікадня ў Ватыкане былі вельмі абмежаванымі, таму сюды не прывозілі галандскіх цюльпанаў і нарцысаў. Сёлета святкаванне вярнулася на плошчу святога Пятра, але галоўны галандскі фларыст Паўль Дэкерс, які арганізоўваў дастаўку раслін з 2015 года, заявіў, што адмаўляецца ад удзелу ў ініцыятыве, паколькі сышлі асноўныя спонсары.

Гэтая навіна моцна ўразіла галандскіх католікаў у Рыме і ў саміх Нідэрландах, якія вырашылі ўзяць справу ў свае рукі, каб прыгожы звычай не згас. Ксёндз Антуан Бадар, рэктар нідэрландскага касцёла ў Рыме, мабілізаваў суайчыннікаў і на пачатку красавіка абвясціў, што традыцыя будзе захавана, на гэты раз у супрацоўніцтве з фларыстам Пітам ван дэр Бургам, які забяспечыць дастаўку саджанцаў, дрэў і кветак у Ватыкан перад папскай Імшой у Вялікдзень.

Расліны прыбылі ў Ватыкан на грузавіку ў пачатку Вялікага тыдня. Перад адпраўкай, 12 красавіка 2022 года, іх блаславіў біскуп Ганс ван дэн Хэндэ, старшыня епіскапату Нідэрландаў.

17 красавіка, удзяліўшы сваё велікоднае благаслаўленне, Францішак, як і яго папярэднікі Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI, падзякаваў Нідэрландам за дар кветак. Такім чынам была захавана 37-гадовая традыцыя.
 

20 красавіка 2022, 11:53